Читать «Кар"ера (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Андрэ Моруа

Чытанне цягнулася больш за дзве гадзiны. Слухачы маўчалi. Хоць бы гук, хоць бы слова!.. Настолькi гэта быў слабы i бездапаможны твор. Найлепшыя намеры танулi ў яго кнiзе, як iскры ў балоце. Наiўная душа аўтара была вывернута напаказ. Слухаючы Шалона, я раптам са здзiўленнем адкрыў у iм цэлы свет расчараванняў, журбы, ушчэмленай сентыментальнасцi. I я сказаў сабе, што было б цiкава напiсаць кнiгу пра няўдалага раманiста i, уключыўшы туды цалкам яго раман, паказаць псiхiку свайго персанажа ў вельмi арыгiнальным аспекце. Шалон чытаў, i яго расчуленасць, пры жахлiвай нязграбнасцi формы, нагадвала залёты закаханай пачвары, жаласныя i смешныя.

Калi ён скончыў, цiшыня была мёртвая. Мы спадзявалiся, што нас выратуе Глэдзiс Пэкс. Ва ўсякiм разе яна ў сябе дома, i вечар наладжаны ёю. Але гаспадыня сядзела, як чужая. Бельтара, ураджэнец гераiчнага поўдня, самы вытрыманы сярод нас, вырашыў адпакутаваць за ўсiх i выказаўся першы, коратка i тактоўна. Нашу маўклiвасць ён апраўдаў хваляваннем, падзякаваў мiсiс Пэкс, якая стварыла ўмовы для напiсання гэтай выдатнай кнiгi, i, павярнуўшыся да мяне, зрабiў вывад: "Сiўрак, напэўна, з вялiкай ахвотай перадасць яе свайму выдаўцу".

- О! - абазваўся я... - Свайму альбо iншаму... Я думаю, што мiсiс Пэкс...

- А навошта iншаму? - горача ўмяшаўся Шалон. - Не, твой мне больш падабаецца: аўтарытэтны, спрытны. Калi ты возьмеш клопат на сябе, мне будзе вельмi прыемна.

- Абавязкова, мой дарагi... Гэта лягчэй лёгкага.

Маўчанне мiсiс Пэкс рабiлася нясцерпным. Яна пазванiла, загадала падаць лiманад i пячэнне. Шалон спяшаўся замацаваць сваю радасць канкрэтнымi фактамi.

- А як вы знаходзiце вобраз Алiсы?

- Цудоўны, - адказаў Бельтара.

- А сцэна прымiрэння праўдзiвая, як па-вашаму?

- Самая лепшая, - пахвалiў Бельтара.

- О не! - усцешыўся Шалон. - Я не лiчу яе лепшай. Самая лепшая, па-мойму, - сцэна сустрэчы Жаржыяны i Сiльвiо.

- О так, - згадзiўся той. - Гэта яшчэ лепшая.

Мiсiс Пэкс адвяла мяне ўбок:

- Я вас прашу, скажыце шчыра, ён напiсаў бязглуздзiцу?

Я моўчкi пацвердзiў.

- Як жа гэта здарылася? - прамовiла яна. - Я нiколi не думала!.. Ён мне здаваўся такiм разумным.

- Ён сапраўды разумны, дарагая мiсiс Пэкс, але творчасць i гутарка - з'явы розныя i нават процiлеглыя. Можна памылiцца.

- Не, не, - ускiпела яна. - Гэта недаравальна. Нi ў якiм разе нельга пускаць гэта ў друк... Пасля ўсiх маiх рэкамендацый... Я скажу яму ў вочы, што яго опус бяздарны, агiдны, смеху варты...