Читать «Кар"ера (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Андрэ Моруа

- Ты што запiсваеш? - пытаю.

- Ды так! Прыйшла ў галаву iдэя для маёй кнiгi. Не хочацца, каб яна прапала.

Праз хвiлiну, калi я працытаваў яму словы адной з клiентак Бельтара, ён iзноў выцягнуў блакнот.

- Ты што? У вар'яты падаўся?

- Дарагi мой, у мяне ёсць цудоўны персанаж, якi шмат чым нагадвае Бельтара. Тое, што я пачуў, можна з поспехам выкарыстаць.

У яго з'явiлася ўпэўненасць прафесiянала, заўзятасць чалавека, ахрышчанага ў новую веру. Пры мне было некалькi раздзелаў маёй апошняй кнiгi. Я збiраўся прачытаць iх Шалону i, як заўсёды, паслухаць яго заўвагi. Але нiчога з гэтага не выйшла - ён i вухам не павёў. Мне стала прыкра, нудна. А скончылася тым, што ён раззлаваў мяне сваiмi легкадумна пагардлiвымi адносiнамi да нашых класiкаў.

- Ты лiчыш? - скрывiўся ён. - Рэалiзм Стэндаля? Так... Знайшоў сабе дзiва! Па сутнасцi, i "Пармскi манастыр" i "Чырвонае i чорнае" ўсяго толькi раманы-фельетоны. Па-мойму, зрабiць можна куды лепш.

Я развiтаўся з iм i хутчэй выехаў.

* * *

Вярнуўшыся ў Парыж, я адразу ж адчуў, што Глэдзiс Пэкс не марнавала часу. Яе арганiзатарскiя здольнасцi далi плён. Пра кнiгу Шалона гаварылi многа, гаварылi з павагай i надзеяй. Нiякiх слядоў грубай, крыклiвай рэкламы, якая адпрэчвае людзей далiкатных. Здавалася, што гэта жанчына знайшла спосаб папулярызаваць употай, падсвятляючы iмя свайго абраннiка як бы знутры. Поль Маран сказаў, што яна, як нiхто, "адмыкае замкнутае".

Адусюль у мяне пыталiся: "Вы былi на поўднi? Вы бачылi Шалона? Кажуць, ён напiсаў нешта выдатнае?"

Мiсiс Пэкс правяла ў Напулi ўвесь сакавiк i паведамiла нам, што кнiга амаль закончана, але Шалон не хоча ёй паказваць. Ён сцвярджае, што яго твор адно цэлае i вырываць з яго кавалкi нельга, бо страцiцца свежасць, парушыцца стройнасць кампазiцыi.

Нарэшце, у пачатку красавiка, яна абвясцiла, што Шалон прыехаў, згадзiўся прачытаць раман i яна запрашае ўсiх нас у адну з субот на лiтаратурны вечар.

Ах, гэты вечар! Мы яго век не забудзем! Салон на вулiцы Францыска Першага быў належным чынам падрыхтаваны. Люстры ўсюды патушаны, за выключэннем адной вялiзнай венецыянскай лямпы, малочна-белае святло ад якой мякка клалася на аўтара, рукапiс i эфектна пастаўленую за спiной Шалона галiнку квiтнеючай слiвы ў кiтайскай вазе. Тэлефон быў выключаны. Слугi атрымалi строгi наказ нiкога з прысутных не трывожыць. Шалон нерваваўся, фанабэрыўся, быў ненатуральна вясёлы. Мiсiс Пэкс аж зiхацела ад радасцi. Яна яго як след усадзiла, налiла ў шклянку вады, паправiла абажур. Ён надзеў рагавыя акуляры, праверыў голас i, пасля кароткай паўзы, пачаў чытаць.

Праслухаўшы з дзесятак фраз, мы з Фаберам глянулi адзiн на аднаго. Ёсць мастацтвы, што дапускаюць памылку, якiя навiзной стылю, светаўспрымання могуць уразiць i затлумiць галаву, але пiсьменiк раскрываецца хутка. З першых жа слоў мы выявiлi самае горшае: Шалон не ўмеў пiсаць, зусiм не ўмеў. У дзiцяцi можа быць наiўнасць, непасрэднасць. А Шалон пiсаў банальна, прымiтыўна да дзiкасцi. Ад гэтага чалавека, такога чулага, дасведчанага, мы чакалi, мабыць, глыбiнi, складанасцi хадоў. А тут усё наадварот - раман для слязлiвых дзяўчат, дыдактыка, нудота, не мора, а лужына вады. Пераканаўшыся ў пiкчэмнасцi формы, мы, паслухаўшы яшчэ крыху, пераканалiся i ў нiкчэмнасцi зместу. Прыгнечаныя, разгубленыя, мы з адчаем пераглядвалiся. Бельтара, пацiснуўшы няўзнак плячамi, як бы сказаў: "Бач ты!" Фабер кiваў галавой i, здавалася, шаптаў: "Як жа так? Як жа так?" Я не зводзiў вачэй з Глэдзiс Пэкс. Цi разумее яна, чаго сапраўды варта гэта паднесеная нам лухта? Спачатку яна слухала паблажлiва, але вельмi хутка ўстрывожылася i час ад часу кiдала на мяне дапытлiвы позiрк. "Якая катастрофа! - думаў я. - I што ёй сказаць?"