Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 110

Уладзімір Караткевіч

Стаптаўшы канём аднаго з сялян, ён схапіў рэвальвер:

— Трымайся, падла! Адняў яе! Табе таксама не мілавацца!

Селянін з доўгімі вусамі пацягнуў яго за нагу з каня. І толькі таму я не ўпаў на зямлю з дзіркай у чэрапе. Варона зразумеў, што яго зараз сцягнуць з каня, і стрэлам ва ўпор паклаў на месцы даўгавусага.

І тады я, паспеўшы ўставіць новыя патроны, высадзіў у яго ўсе шэсць куль. Варона хітнуўся ў сядле, хапаючыся рукамі за паветра, але ўсё ж павараціў каня, збіў на зямлю скуластага хлопца і памчаў у напрамку да балот. Ён усё хапаўся рукамі за паветра, але яшчэ сядзеў у сядле і разам з сядлом (відаць, лопнула папруга) з'язджаў набок, пакуль не павіс паралельна зямлі. Конь збочыў, і галава Вароны з маху ўдарылася аб каменны слуп агароджы.

Варона з'ехаў з сядла і гопнуўся аб зямлю, застаўся ляжаць на ёй нерухомы, мёртвы.

Разгром быў поўны. Страшнае дзікае паляванне ляжала на зямлі, разбітае рукамі звычайных мужыкоў у першы ж дзень, калі яны трошкі паднатужыліся і паверылі сваім прымхлівым мазгам, паверылі, што нават супраць зданяў можна ўстаць з віламі ў руках.

Я прайшоў па месцы бойкі. Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачыма, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай машыстай інахаддзю і пад час намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Не дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхнія скачкі.

І яшчэ дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер'ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла. Людзей у Вароны, відаць, не хапала.

Але і нашы страты былі значныя. Мы ніколі не перамаглі б гэтай банды прафесіянальных ваякаў, каб не нечаканасць нашага нападу. Але нават і з гэтым атрымалася дрэнна: мужыкі ваяваць зусім не ўмелі. Скуласты хлопец, якога збіў канём Варона, ляжаў на зямлі з разбітай галавою. У даўгавусага мужыка дзірка ад кулі цямнела проста ў сярэдзіне лба. Мужык з дубінай, што ўдзёрся ў сярэдзіну між коннікаў, ляжаў на зямлі і стрыг нагамі, як нажніцамі: адыходзіў. Параненых было ў два разы больш. Я таксама атрымаў рану: куля рыкашэтам шчоўкнула мне ў патыліцу.

Мы лаяліся. Міхал бінтаваў мне галаву, а я крычаў, што гэта глупства. Між тым сярод паляўнічых адшукалі аднаго і падвялі да кастра, які мы расклалі. Перада мною стаяў з вісячай, як бізун, рукою Марка Стахевіч, той самы шляхцюк, размову якога з Пацуком я падслухаў тады пад дрэвам. Ён быў вельмі каларытны ў сваёй чузе вішнёвага колеру, у маленькім капелюху, з пустымі похвямі ад шаблі на баку.