Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 108

Уладзімір Караткевіч

А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду. Каб я не адчыніў дзверы — ён, напэўна, памёр бы, так і не здагадаўшыся, чаму пакінуў яго той, што заўжды яго гадаваў і песціў.

Што мне было рабіць з ім? Няшчасны малы ідыёт не быў вінен у тым, што яго стварылі такім на свет. Тут ён і выбывае з нашага апавядання. Я нагадаваў яго, абвясціў Яноўскай аб канчыне аднаго з прывідаў, якія насялялі палац Балотных Ялін, і наступнага дня адаслаў яго ў павятовую бальніцу для вар'ятаў.

І ўпершыню гэтым вечарам я бачыў, што надзея загарэлася ў вачах гаспадыні Балотных Ялін цёплым, пакуль што яшчэ слабым агеньчыкам.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

— Ты, Рыгор?

— Я, Андрусь. Праўдзівей, мы.

Я працягнуў Рыгору руку. Гэта ноч, пасля той, у якую я спаймаў Малога Чалавека, была першай за ўвесь час бясхмарнай месячнай ноччу. Поўны месяц заліваў тарфяныя балоты, пусткі, парк Балотных Ялін блакітным срэбрам і далёка-далёка блішчаў у акенцы нейкай самотнай хаты. Ноччу пахаладзела, і зараз балоты «пацелі», нараджаючы ў ямінках касмылі белых рухлівых туманоў.

Рыгор выступіў з-за хмызоў, якія ляжалі ля паваленай агароджы, а за ім з'явіліся з цемры людзі, чалавек дванаццаць.

То былі мужыкі. Усе ў кажухах мехам наверх, у аднолькавых белых магерках, з аднолькавымі чырвонымі лапамі.

І ўсе яны ў месячным святле былі на адзін твар: як быццам сама гэта зямля адначасова нарадзіла іх. У двух я пабачыў доўгія стрэльбы, як у Рыгора, адзін трымаў у руках пулгак, астатнія былі ўзброены доўгімі рацішчамі і віламі, а адзін нават простай дубінай.

— Гэта хто? — здзіўлена спытаў я.

— Мужыкі, — нутром прагудзеў Рыгор. — Хопіць цярпець. Два тыдні таму дзікае паляванне затаптала на верасовай пустцы брата вось гэтага мужыка. Міхалам яго завуць.

Міхал сапраўды нагадваў «Міхала — бурага дзедзіна». Глыбокія маленькія вочкі, скулы шырокія, рукі і ногі — не горш як у Дубатоўка. Вочы яго былі чырвонымі і апухлымі, рукі так сціснулі вілы, што аж суглобы пальцаў сталі белымі. Глядзеў ён змрочна і пахмура, але разумна.

— Хопіць, — зноў сказаў Рыгор. — Зараз нам толькі паміраць і засталося. А паміраць мы не хочам. І ты, Беларэцкі, калі што-небудзь заўважыш, маўчы. Гэта справа наша. І Бог дазваляе на канакрада — усім мірам. Сёння мы іх адвучым не толькі людзей таптаць, але і хлеб есці.

— Гэта ўсе?

— Не, — сказаў мой наваз'яўлены Чортаў Бацька, — гэтыя, на чале з Міхалам, застануцца тут, пад тваёй рукою. А мае чакаюць ля балота, што акружае Яноўскую пушчу, ля Ведзьмаковай ступы. Там яшчэ два дзесяткі. Калі яны пойдуць там — мы іх сустрэнем, калі яны пойдуць невядомай нам, іншай дарогай — сустрэнеце вы. Мы трымаем пад увагай пушчу, Халодную лагчыну і пусткі, што поруч. Вы — Балотныя Яліны. Сустрэча, калі што такое, у Халоднай лагчыне. Калі спатрэбіцца дапамога — дасылайце чалавека.

І Рыгор знік у цемры.

Мы зрабілі засаду. Я загадаў шасці мужыкам размясціцца паабапал дарогі ля самай паваленай агароджы, тром — трохі далей. Атрымаўся мяшок, або, лепей, нерат. Трое павінны былі, у выпадку чаго, перагарадзіць паляванню шлях адступлення. Сам я стаў за вялікім дрэвам ля самай сцежкі.