Читать «Дзікае паляванне караля Стаха» онлайн - страница 111

Уладзімір Караткевіч

— Ты, здаецца, пагражаў мужыкам, Стахевіч? Ты памрэш, як гэтыя, — спакойна сказаў я. — Але мы можам адпусціць цябе, бо адзін ты няшкодны. Ты паедзеш за межы яноўскага наваколля і будзеш жыць. Мы адпусцім цябе тады, калі ты раскажаш нам пра вашу дзейнасць.

Ён павагаўся, паглядзеў на жорсткія твары мужыкоў, залітыя чырвоным сяйвом вогнішча, на кажухі, на рукі, якія сціскалі вілы, і зразумеў, што літасці тут чакаць нельга. Вілы з усіх бакоў абкружалі яго, датыкаючыся да цела.

— Гэта ўсё Дубатоўк, — сказаў ён панура. — Палац Яноўскіх павінен быў перайсці да Гарабурды, але Гарабурда вельмі запазычыўся Дубатоўку. Ніхто пра гэта не ведаў, акрамя нас, людзей Дубатоўка. Мы пілі ў яго, і ён даваў нам грошы. А сам ён марыў пра палац. Ён не жадаў нічога прадаваць адтуль, хоць палац каштаваў многа. Варона казаў, што, каб прадаць усе рэчы адтуль па музеях, можна было б атрымаць многа тысяч. Выпадак звёў іх з Варонай. Варона не жадаў спачатку забіваць Яноўскую, хоць яму і паказалі на дзверы. Але пасля таго, як з'явіўся Свеціловіч, згадзіўся і ён. Казка пра дзікае паляванне караля Стаха прыйшла Дубатоўку да галавы яшчэ тры гады таму. У Дубатоўка аднекуль ёсць прыхаваныя грошы, хоць жыве ён назнарок бедна. Ён наогул вельмі хітры, вельмі скрытны, вельмі хлуслівы чалавек. Самага разумнага абкруціць вакол пальца, такім мядзведзем прыкінецца, што далей няма куды. І вось ён паехаў да самай лепшай у нашай краіне стайні, да збяднелага за апошнія гады пана, і купіў усіх дрыкгантаў, а пасля перавёў іх да Яноўскай пушчы, дзе мы пабудавалі сховішча і стайню. Усіх здзіўляла, як гэта мы можам імчаць па дрыгве, дзе і кроку ступіць нельга. А ніхто не ведае, як мы плазавалі па Волатнай прорве, шукаючы патаемных сцежак. І адшукалі. І вывучылі. І імчалі па мясцінах, дзе сцежка была на локаць пад тванню, а з бакоў бездань. І, да таго ж, гэтыя коні — цуд! Яны бягуць на голас Дубатоўка, як сабакі. Яны чуюць багну і, калі трэба, робяць над месцамі, дзе сцежка перарываецца, вялізныя скачкі. І яшчэ: мы заўжды выязджалі на паляванне толькі ўночы, калі туман паўзе па зямлі. І ўсе таму лічылі нас прывідамі. А мы яшчэ і маўчалі заўжды. Гэта была рызыка. Але што ж нам было рабіць, падыхаць з голаду на чвэрці валокі? А Дубатоўк плаціў. І, да таго ж, мы не толькі даводзілі гэтым да вар'яцтва або смерці Яноўскую, мы яшчэ і вучылі нахабных хлопцаў, каб ведалі жах божы і не думалі пра сябе занадта многа. Дубатоўк праз Гарабурду прымусіў тады Кульшу выклікаць да сябе дзяўчыну, бо ведаў — бацька занепакоіцца. І мы падлавілі Рамана, перастрэлі яго. Ух, і гонка гэта была!… Уцякаў, як чорт… Але яго конь зламаў нагу.

— Мы ведаем гэта, — з'едліва сказаў я. — Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана.

У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей.