Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Джон Стейнбек

На iм было ўсё новае - новае i таннае. Брылёк шэрай кепкi не паспеў яшчэ пагнуцца, гузiк на ёй яшчэ не адарваўся. Кепка не страцiла формы, не абвiсла, як бывае, калi служыць дадаткова яшчэ i сумкай, i ручнiком, i насоўкай. Танны гарнiтур з шэрай шорсткай баваўнянай тканiны таксама быў такi новы, што на штанах трымалася складка. Сiняя кашуля была гладкая i каляная ад яшчэ не вымытага крухмалу. Пiнжак мехавата вiсеў на iм, штаны былi не па росце, кароткiя, а ён чалавек быў высокi. Плечавыя швы апускалiся занiзка, але рукавы ўсё роўна не даставалi да запясцяў, а крыссе пiнжака матлялася на жываце. На нагах у яго былi новыя карычневыя чаравiкi апошняга армейскага ўзору, падбiтыя цвiкамi i з жалезнымi падкоўкамi на абцасах. Седзячы на падножцы, ён зняў з галавы кепку, выцер ёю твар, зноў надзеў, пацягнуў за брылёк, i з гэтага моманту пачала наблiжацца пагiбель яго галаўнога ўбору. Потым ён глянуў на свае чаравiкi, нахiлiўся, аслабiў шнуркi i так, незавязанымi, пакiнуў. Над галавой з выхлапной трубы дызель-матора борзда, адзiн за адным, вынырвалi лёгкiя шызыя воблачкi дыму.

Музыка ў бары сцiхла, з дынамiка пачуўся мужчынскi голас, але буфетчыца прыёмнiк не выключыла - не заўважыла, што музыка скончылася. Толькi што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вiсела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнiк не заўважыў, i таму рабiла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:

- У Шонi вялiкiя танцы былi. Кажуць, забiлi там некага цi штосьцi такое. Нiчога не чулi?

- Не, - адказала буфетчыца i пяшчотна памацала прышчык за вухам.

Чалавек падняўся з падножкi, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў i дастаў з бакавой кiшэнi капшук з тытунём i кнiжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымi пальцамi скруцiў цыгарку, з усiх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкi, нарэшце запалiў i ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамi. Наблiжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавiка.

У бары шафёр расплацiўся за каву i ўсунуў здачу - дзве пяцiцэнтавыя манеты - у проразь iгральнага аўтамата. Цылiндры закруцiлiся, але нiчога не выдалi.

- Яны так хiтра зроблены, што нiколi не выйграеш, - сказаў шафёр буфетчыцы.

Яна адказала:

- Аднаму тут вялiкi выйгрыш выпаў. Не болей як гадзiны дзве таму. Калi назад праедзеце?

Ужо адчынiўшы дзверы, шафёр адказаў:

- Праз тыдзень цi дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замiнка.

Буфетчыца бурклiва сказала:

- Мух напусцiце. Iдзiце цi дзверы зачынiце.

- Да хуткага, - сказаў шафёр i выйшаў.

Дзверы за iм з грукатам зачынiлiся. Стоячы на санцапёку, ён здзiраў абгортку з жавальнай гумкi, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцiкам. Румяны твар, вочы блакiтныя i вузкiя, як шчылiнкi, ад прывычкi жмурыцца на яркiм святле. На iм былi армейскiя штаны i чаравiкi з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы: