Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Джон Стейнбек

- Дык вось... Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабiлася ад таго?

Джоўд, падумаўшы, адказаў:

- Н-не, я нават нiчога не адчуў.

- Так... А шкоду табе гэта зрабiла? Толькi падумай.

Джоўд падняў з зямлi бутэльку i адпiў.

- Нiчога я не адчуў - нi добрага, нi дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нiчога. - Ён падаў бутэльку прапаведнiку.

Кейсi ўздыхнуў, прыгубiў бутэльку, потым паглядзеў, колькi ў ёй на дне засталося, i зрабiў яшчэ адзiн маленькi глыток.

- Вось i добра, - сказаў ён. - А то я ўсё мучыўся - цi не нарабiў я сваiм умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.

Джоўд глянуў на свой пiнжак i ўбачыў чарапаху - яна выбралася на волю i ўжо спяшалася ў тым жа кiрунку, у якiм паўзла, калi ён падабраў яе. Джоўд паназiраў за ёю, тады ўстаў на ногi, падняў чарапаху з зямлi i зноў закруцiў у пiнжак.

- Нiякiх падарункаў дзецям не прыпас, - паяснiў ён. - Хоць гэту старую чарапаху прынясу.

- Дзiўная рэч, - сказаў прапаведнiк. - Якраз калi ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, цi не завiтаць да яго. Я заўсёды лiчыў яго бязбожнiкам. Як ён там жыве, стары Том?

- Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.

- Хiба ён не пiсаў табе?

Джоўд замяшаўся.

- Тата на пiсьмы не вялiкi мастак i наогул пiсаць не ахвочы. Прозвiшча сваё чын чынам падпiша, не горш за iншых, i нават аловак паслiнiць. Але пiсьмаў не пiша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго i алоўкам не варта.

- Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся? - запытаўся Кейсi.

Джоўд недаверлiва глянуў на яго.

- А ты хiба нiчога не ведаеш? Ва ўсiх газетах пра мяне пiсалi.

- Нiчога. А што? - Кейсi закiнуў нагу на нагу i ссунуўся па ствале нiжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, i сонца налiвалася чырванню.

Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:

- Казаць, дык адразу ўсё, i скончым з гэтым. Але калi б ты i цяпер яшчэ быў прапаведнiкам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы малiцца за маю душу. - Ён дапiў рэшту вiскi i шпурнуў паўлiтэрку ўбок, i пляскатая бутэлька мякка слiзганула па пыле. - Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.

Кейсi крута павярнуўся да яго i так насупiў бровы, што высокi яго лоб зрабiўся яшчэ вышэйшы.

- Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабiў.

- Я i цяпер зрабiў бы тое самае, - сказаў Джоўд. - Я забiў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напiлiся з iм на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапiў рыдлёўку i прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.

Бровы ў прапаведнiка занялi сваё звычайнае месца.

- Значыць, саромецца табе няма чаго?

- Няма, - адказаў Джоўд. - Мне далi толькi сем гадоў, бо ён першы пачаў пырнуў мяне нажом. Выпусцiлi праз чатыры гады - умоўна.

- I нiхто з тваiх не пiсаў табе ўсе чатыры гады?

- Чаму ж, пiсалi. Два гады назад ад мацi паштоўку атрымаў, а на мiнулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, i смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блiшчынках, быццам снегам абсыпаная. I вершык:

У свята светлае Каляды

Будзь жыццю, хрыстосiк, рады,

I пад ёлачку ты глянь.

Падаруначак дастань.

Бабка, вiдаць, i не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купiла, выбрала самую прыгожую i блiскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалi ад рогату. З таго дня ўсе мяне "хрыстосiкам" дражнiлi. А бабка i думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, блiскучая, навошта чытаць? У той год, калi мяне пасадзiлi, яна свае акуляры згубiла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.