Читать «Гронкi гневу (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Джон Стейнбек

Джоўд слухаў прапаведнiка з усмешкай, але позiрк яго быў востры i ўважлiвы.

- Ты сваю веру ўсю ператрос, - сказаў ён. - З усiх бакоў абсмактаў.

Кейсi зноў загаварыў, i ў голасе яго гучалi боль i разгубленасць.

- Я пытаюся ў сябе: "Што такое боскi дух i парыванне?" I адказваю: "Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю аблiваецца". Зноў пытаюся: "А Iсуса ты хiба не любiш?" Думаю, думаю i нарэшце кажу: "Не, я нiкога з такiм iмем не ведаю. Гiсторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькi жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любовi да iх, i хочацца мне зрабiць усiх iх шчаслiвымi, i таму прапаведую iм тое, што можа прывесцi iх да шчасця". А потым... Ну i нагаварыў я табе чортаву прорву ўсяго. Табе, можа, дзiўна, што я такiя брыдкiя словы ўжываю? Нiякiх тут брыдкiх слоў, на мой погляд, няма. Так усе гавораць, усе людзi, i нiчога дрэннага яны гэтымi словамi сказаць не хочуць. Ну, добра, хай. А цяпер я скажу табе яшчэ нешта, да чаго я сваiм розумам дайшоў, толькi прапаведнiку казаць такое - кашчунства, i таму я не маю права быць прапаведнiкам, бо ўвесь час думаю пра гэта i веру ў гэта.

- Пра што ты? - спытаўся Джоўд.

Кейсi хiтравата глянуў на яго.

- Калi твой слых разане, не крыўдуй, га?

- Я крыўдую, толькi калi мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд. - Ну, што ты там такое надумаў?

- Разважаў я пра духа святога i пра Iсуса: "Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога i да Iсуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любiм - мужчын i жанчын? Можа, дух святы - гэта i ёсць душа чалавечая, вось i ўсё. Можа, усе людзi разам i ўтвараюць адну вялiкую душу i часцiнку яе знойдзеш у кожным чалавеку?" Доўга сядзеў я так, думаў, думаў i раптам усё зразумеў, усiм нутром, i так ува мне гэта i засталося.

Джоўд апусцiў вочы, быццам яму было не пад сiлу вытрываць шчыры позiрк прапаведнiка.

- З такiмi думкамi нi ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён. - За такiя думкi цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць i павыць. Гэта iм самая вялiкая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног звалiла.

Кейсi задуменна пазiраў на Джоўда.

- Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён. - Душу мне гэта кроiць.

- Што ж, пытайся. Часам i я ў чым-небудзь разбiраюся.

- Вось што... - нерашуча пачаў прапаведнiк. - Я хрысцiў цябе найлепшым чынам у той дзень, калi боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маiх словы Хрыстовы лiлiся. Ты, пэўна, нiчога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.

- Чаму ж не, памятаю, - адказаў Джоўд. - Гэта была Сюзi Лiтл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.