Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Сократ Янович

- Табе няясна?

- Гарманiзацыяй жыцьця займалася дзевятнаццатае стагодзьдзе, ствараючы закончаныя тэорыi й... раманы, якiя ты, Кiрачка, з захапленьнем чытаеш. Мы, сто гадоў пасьля, ведаем, што гэта была iлюзiя. Табе ясна?

- Пачастую цябе, Сьцяпулёк, чорнай кавай. Яна праясьняе розум, - Кiра выйшла ў кухню, уключыла газавую плiту й паставiла чайнiк.

- Дзякую, Кiра. З прыемнасьцю пап'ю.

- Мiла пачуць, калi мужчына праяўляе ўдзячнасьць жанчыне, якая, гэта слушна заўважыў ты, - яшчэ не абтрэсла зь сябе шалупiньне мiнулай...

- Кiра, - ён перабiў ёй, - я не хацеў абражаць цябе.

- Я, хiба, абразiлася?

- А цi не?

- Сьцёпа, - са знарочнай упартасьцю. - Памiж намi адбыўся паядынак.

- Спадзяюся, нiхто ня выйграў...

- Так яно, сапраўды, i ёсць.

- То-ж... - паступова ён абцiхаў. Учытваўся ў забыты тыднёвiк, знаходзячы ў iм блiзкiя да праўды здагадкi. Сёе-тое цытаваў. Другi дзень запар крапаў дождж, цубанiў па блясе. Як напамiнак часу.

Перамова з Кiрай не спадабалася яму: хутчэй за ўсё iншасказальнасьцю, чымсьцi начытаным. Адкуль i ўзялося ў яе такое? Памiж iмi даўно, тады, мела месца нядобрае; яно непапраўна разьдзяляе iх. Як струменьчык вады, якi размывае гару, утвараючы спачатку раўчук, што разьдзяляе нешта напалову. У iх жыцьцi ўзьнiкала западзiна й адчувалiся павевы чужога. Сьцяпан зьбiраўся прадумаць тое здарэньне, так i не дабiўшыся ад сябе неабходнай настойлiвасьцi.

Яго займалi справы. Пастаянна ўзьнiкалi цяжкасьцi на працы; быў нават выпадак, калi ён пазванiў у высокапастаўленцкi габiнэт з просьбай аб гутарцы. Сiплы голас у тэлефоннай трубцы пазнаў Сумленевiча, i гэта зьбянтэжыла яго; вiдавочна, размаўляў з колiшнiм знаёмым, ад якога, вядома, ня мог чакаць нiчога добрага. Сумленевiчу запрапанаваў ён пазванiць яму праз тыдзень, у аўторак а дзевятай гадзiне. Не, няма сэнсу, цiха вырашыў Сьцяпан. Сутыкненьне ягонае са старшынёй прыгасла, угладзiлася, i тая тэлефонная размова асела ў Сьцяпане прыкладной прымаўкай: "Сем разоў адмерай, пакуль раз адрэжаш". Ён не захапляўся народнай мудрасьцю; ведаў зь яе сёе-тое, пераважна - бяз сувязi.

5

Да сутыкненьня Сьцяпана са старшынёю, гэта так, дайшло неяк нечакана й - з далечынi лепей вiдаць - цалкам беспатрэбна. Паспрачалiся яны памiж сабою за дробязь, пра якую абодва ўжо даўно забылiся. Не ў ёй, аднак-жа, сутнасьць падзеi. (Няма дыму без агню.) Старшыня, заслужаны й стары чалавек, доўга сядзеў на адной пасадзе. Хтосьцi першым сказаў гэта; той кучаравы член управы, якi надарэмна намагаўся ўзначалiць аддзел - дзесьцi пад Беластокам, блiзка. Ён выказаў тое, маючы на ўвазе канкрэтнае. Атрымалася з таго праўда агульнага значэньня - iначай, Сьцяпан не запамятаў-бы яе. Зрэшты, памятаецца важнае сабе. Верыцца або ня верыцца. Чытаць або слухаць пра кагосьцi, як пра доўгагадовага ды знакамiтага - што й казаць - дзiўна! Хоць - усё адноснае, падпарадкаванае адзiнкаваму, iндывiдуалiзацыi.

Тым ня менш, у выпадку старшынi няма падставаў для гэткiх ваганьняў. Няма за што... Ён старанна ходзiць на працу, iншы раз на гадзiну раней можна пабачыць яго ў габiнэце, пахiленага над падшыўкамi папераў, са стомленым тварам (у яго, магчыма, хворы страўнiк). Наведнiкаў прыймае - а iх шмат - зь ветлiвасьцю; на прывiтаньне выходзiць ён з-за пiсьмовага стала, абкружанага падковай кнiжных палiцаў, i запрашае сесьцi ў вадзiн з фатэляў пад пальмай "фэнiкс". Нярэдка загадвае ён сакратарцы нарыхтаваць дзеля гэтага па шклянцы гарбаты; паводзiць сябе непрымушона, выклiкаючы настрой шчырасьцi ды заклапочанасьцi, i гатовы выслухаць найгоршае - ня йдзе на папулярнасьць, не абяцае. Строгi, стрымлiвае слова.