Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Сократ Янович

Заслужаны працаўнiк кiраўнiцтва - гэта нягоднiк, якога не ўдалося выгнаць. У такога хапае сумленьня ганарыцца, бачыць у iншых дурняў або палахлiўцаў, што, дарэчы, адно й тое-ж. Ён, адзiн, зашкодзiць агульнай справе больш, чымсьцi банда камбiнатараў, таму што яго нельга пасадзiць, няма сiлы завесьцi на лаву падсудных, выкрыць. Арганiзацыя, як багiня штучнасьцi, натхняльнiца цывiлiзацыi, стварыла й ардэнаносцаў.

Што рабiць? Выйсьцi ў парк ды падумаць аб тым, што Рымская Iмпэрыя ляжыць пад двух-трохмэтровым слоем зямлi, напыленай тысячагодзьдзем; аб тым, што менавiта дзякуючы зьнiшчальнаму Вэзувiю сёньня маем дакладны вобраз старажытнага побыту; i аб тым, што для навукi пакаленьням патрэбна хоць час ад часу прайграць, пагадзiцца з гэтым, каб у закучмелых нашчадкаў, аднак, варушылiся шарыкi... Калi падае белавокi сьнег, ёлачкi на далёкай ускраiне дбайна дагледжанага лесу цiхамiрна дрэмлюць, перажываючы прыступ вострага грыпозу. I трэба бяды, ператомленасьцi або радасьцi ад жыцьця, каб зайсьцi ажно сюды, за Зьвярынецкi стадыён, за мэлiярацыйныя равы, за якiмi палярны краявiд пералескаў на макрэдзi.

Забойства сакратаркi засталося як бы па-за ўвагай старшынi. Ён, цiкаўлiвы, спадзяваўся, што Сьцяпан раскажа яму сам. Так ня здарылася. I гэта, мабыць, было памылкай зь яго, Сьцяпана, боку, уступленьнем месца чуткам ды бязглузьдзiцам. Ён мог толькi чакаць, пакуль пераклубуюць, нават праўдападобныя, вэрсii наконт ягонай уяўнай сувязi з цэлай справай, якiя несумненна ўзьнiклi ў пажвавелых ураднiцкiх булавешках. Потым, у забываньне, яму быў-бы сэнс выкарыстаць няхай сабе й нязручную нагоду паведамiць шэфа... Сумленевiч пераканаўся, што закон апошняга голасу ў дадзеным выпадку абсалютна непарушны яму. Забойствам сакратаркi доўга цiкавiлiся ва ўстанове. Як на тое наступная жахлiвасьць мела месца позна: пад весну разбэшчаныя засранцы пакалечылi таксiста.