Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

Сократ Янович

Можна задумоўвацца над непаўторнасьцю развагi. Яна, вiдавочна, зьяўляецца чымсьцi пасярэднiм памiж iнтэлектам i эмоцыяй, памiж тым, з чым мы нараджаемся, i тым, што мы сабе здабываем або чым нас надзяляюць. Два галоўныя элемэнты той цэласьцi, зь якой мы атоесамлiваемся (не абавязкова сьвядома).

Сьцяпану прыйшлiся да спадобы кампанii, хмельныя сьлёзы. Выпiўкi ад няўдачаў. Балбатлiвыя хвалюнствы. Ствараньне рэчаiснасьцяў не на ўласны ўжытак, супольнасьцяў дзеля нiчога. Узьнiкаюць яны, бы адлiга, ад кропелькаў. Пасварыўся з жонкай. Той. Ляпнуў лiшняе начальству. Ён. Праваронiў справу. Iншы. А хтосьцi - залез у недазволенае. I, бы тыя птушкi ў вырай, зьлятаюцца ўсе пад канец працы, кожны са сваёй тугою. I разам лягчэй iм.

Разьвiтваюцца яны да поўначы. У разаспаных завулках, пад брэх сабакаў, што ўнюхалi падзею.

- Сьцяпан, дарагi, твая прамова на агульным сходзе, хачу табе сказаць, нарабiла злосьцi ва ўправе. Але, нiчога, яны маўчаць... Ведаюць, што ў цябе ёсьць "плечы"! Мы сядзелi ззаду й слухалi, як ты лупiў iх праўдай па сьлепнякох. Думалi сабе: во, знайшоўся чалавек, якi ня мусiць падлiзвацца, нiкому!

- Сьцяпан, дружа, кажу табе: часамi даволi раз упасьцi, каб усё жыцьцё прахадзiць на каленях. Паглядзi на нас, паабiватых. Мы ня просiм ласкi сабе, не... Баiмося за цябе, Сьцяпан! Баiмося, шчыра кажу табе. Ступай ты так, каб не наступiць на мiну. Мiж намi кажучы, i няхай гэта застанецца памiж намi, ты, Сьцяпан, шчыруеш з гэтым крыкуном i, мабыць, ня ведаеш, што старшыня хрысьцiў яму сына... Га? Вось, бачыш. Сам ты не спадзяваўся, як падстаўляюць, ну, даiлкi...

- Сьцяпан, я ня зычу табе, каб ты пашкадаваў таго, што твая галава толькi прышытая да чалавечага цела! Я, ведаеш, часам хацеў-бы мець цела, скажам, быка, каб рагамi... Або зьмяi.

- Сьцяпан, жывем, бо трэба.

Не чакалi адказу. Нiколi не чакалi яны адказу. Выгаварыўшыся, маўчалi, нешта суцiшваючы ў сабе, i, нядбайна падаючы рукi, разыходзiлiся. Цi то сарамлiва, цi то з набалелым у грудзях. Назаўтра адчувалi яны сябе нармальна, таму Сьцяпан набiраўся пераконанасьцi ў тым, што час ад часу ўдзельнiчае ён у дзiўнай гульнi ў дачаснасьць, часовасьць; у трэнiнгу чагосьцi незвычайна сур'ёзнага. А яно так не было.

9

Iнакш i не магло быць. Трэба перайсьцi цераз маладосьць, каб наблiзiцца да ўскраiны, ад якой прасьцiраюцца далягляды, не прадчуваныя. У далёкую вясну, у разводзьдзе, якое не паўтарылася, дзесьцi за вадапомпай, што стаiць на Петрашоўскай гары, вiдушчай, Сьцяпулёк хадзiў з бандачкай аднагодкаў па прыдарожных равох i лавiў залацiстых карасёў, вылузваючы iх з удзiрванелых ямiнак каля тэлеграфных слупоў, цешыўся, паказваў рыбкi сябрукам, бiўся зь iмi, калi яны наважылiся адабраць яму iх, чароўна падобных да мамiнай брошкi, захоўванай у шуфлядцы начнога столiка, у спальнi з ружовымi сьценамi ды зь немалым партрэтам дзеда. Калi ён нарэшце вярнуўся дамоў, у адвячорак, забалочаны, абцякаючы вадою, мацi крычала, аж выкрычаўшыся, прыгледзелася iскрыстаму шчасьцю сына ды зьдзiвiлася. - Дзе ты iх знайшоў? Не махлюй мне, што ў рове ля дарогi налавiў рыбак! Лепш прызнайся, што вы сядзелi на рэчцы! Патопiцеся там! Скажу я бацьку... (Адзеньне трэба было памыць, i то ў трох водах. А самому - грэцца за печкай, уцiснуўшыся ў куток, каб не паказвацца. I дзiвiцца, да прыступу дрымотаў: адкуль узялiся карасi пад гарою!?)