Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Сократ Янович

Незвычайна лёгка быць добрым чалавекам.

Пра дрэнныя ўчынкi слухаецца зь недаверам; дапускаюцца iх недарэкi... Такiя, каму няма ахвоты працаваць. Нудныя гультаiскi. Або дурныя. (Дурных, чамусьцi, пазнавалася па тым, што яны насiлi акуляры ды ўважлiва прыглядалiся субяседнiкам. Па-курынаму, чуйна й не разумеючы.) У суседнiм, са Сьцяпанавым, пакоi трываў пажылы бухгальтар, як кожны бухгальтар - прыклад блiзарукасьцi. Крахтаў ён над калёнкамi лiчбаў, зьлiчваючы глупствы. Невыразна лаючыся пад носам, выходзiў ён з-за пiсьмовага стала, засоўваў далонi за пазухi, горбiўся, таптаўся на месцы, разважаў папяровую праблему. Калi-б ня грошы, гэты чалавек, праўдападобна, зьяўляўся-б сьмяшлiвым... Вам здаецца, мiлыя, што грошы прыдуманыя дзеля таго, каб iмi раскiдацца! (Гневаўся стары.) Але гэта, мiлыя, няпраўда. (Рабiў адкрыцьцё.) Яны створаны для таго, каб нават самы благi злыдзень даў людзям хоць нейкую карысьць. (Яго словы перакруцiлi: каб i са злыдня выцiснуць хоць якой-колечы карысьцi. Не расьсьмяшылi яго.) Нi фараон, нi паншчынны цар не змаглi так пагнаць да працы, як менавiта яны, во! (Ён дабiваўся прызнаньня яму рацыi, пасьля чаго расказваў анэкдот; цiкава, што кожны раз сьвежы, нечуваны.) Часамi бухгальтар хварэў. Смуткавалi.

У пасьлякалядную ранiцу бухгальтар зайшоў на кватэру Сьцяпана, якi, памыўшыся, сядаў сьнедаць. Цешча, з пакругленымi вачыма, паведамiла зяця: "Да цябе - якiсьцi п'янiца!" (Потым гаварыла яна, што госьць уявiўся ёй супрацоўнiкам мiлiцыi.) Барадаты - загадаваў неахайную прычоску - ледзь варочаў ён языком i прасiў у Сьцяпана шклянку чорнай кавы. Я, мiлы, ноч ня спаў i дома ня быў... Проста да цябе... Прабач мне, мiлы, за неспакой, якi...

- Прысядзьце, дарагi сябра, - Сьцяпан запрасiў яго да стала. Бухгальтар, аднак, марудзiў i, нарэшце, сказаў, што просiць Сьцяпана пагутарыць бязь сьведкаў. (Таму, мабыць, i падумалася бабе пра сышчыкаў.)

- Як гэта табе сказаць, мiлы, - ён чакаў кавы. - Ах, як выказаць?.. Мо' й беспатрэбна?..

- Пасьпеце ў нас. Вы-ж хварэеце. Вярнуся я з працы, тады мы й пагутарым. Будзе час, - Сьцяпан зiрнуў на ручны гадзiньнiк, знарочна. - Цяпер мы да нiчога не дагаворымся...

- Пачакай, - падняў той руку. - Пачакай, мiлы. Я коратка, - цешча падала каву, i ён лакомлiва сербануў яе са шклянкi, гарачай. - Ну, якiх-небудзь хвiлiнаў пяць, добра?

- Давайце.

- Вось, так: учора клiкалi мяне ў... - аглянуўся ён на недачыненыя дзьверы ў калiдор. - Клiкалi - гэта далiкатна, мiлы, сказанае... Звычайна, прыйшоў адзiн, па-цывiльнаму, i запытаў: гэта вы? Я адказаў. А ён: iдзеце са мною! Я: чаго вам трэба? Ён: на месцы скажуць вам. Я: што? А ён: ну, пайшлi! Думаю сабе: капцы! - ён дакрануўся паркай шклянкi. - Ну, мiлы, пайшоў я зь iм. А там, ведаеш, дзьве хвiлiны гутаркi: што я магу сказаць пра такога аднаго знаёмага, якi, аказваецца, замяшаны ў нейкую пакражу...

- Пасьпеце ў нас, - Сьцяпану кплiва разяўляўся рот. Ён пазяхаў. - Вам, калега, патрэбны адпачынак...

- Так, так... Я пасплю, вядома, але перш хачу...