Читать «Сьцяна (на белорусском языке)» онлайн - страница 20

Сократ Янович

Можна сказаць, думалася Сьцяпану, што маладосьць зьяўляецца такiм-жа эмбрыёнам сталасьцi, як дзяцiнства - юначасьцi. Чалавек разьвiваецца паўтараньнем сябе ў больш складанай форме; дасягнуўшы апагэю, ён жахлiва сохне, адно карэньне ягонае доўга тлее... Увайшла сакратарка. У чатырнаццаць гадзiнаў - гутарка з камандзiраваным Варшавай iнспэктарам. Мiнiстэрства насьцярожанае выкрыцьцём камбiнатарскай шайкi сярод каапэратыўных будаўнiкоў аднасямейных домiкаў у вадным з колiшнiх павятовых гарадоў. Пра сваю занепакоенасць гэтым цэнтар у пятнiцу паведамiў старшыню. - Чарговае падцiраньне заднiцы, - сказаў Сьцяпану старшыня, - ясная справа, што на наш рахунак. Ах, ярархiя: мы - дзецi, а яны старыя, мы - дурненькiя, бо хвалюемся, а яны, ого, галавачы!

Пазванiла Кiра. Скорагаворкаю запытала пра настрой i самаадчуванне; яшчэ пра дробязь, пра якую Сьцяпан забыўся зараз пасьля адказу на яе пытаньне; пажартавала, здаецца, наконт кажуха. (Так, праўда, на днёх запынiў Кiру зусiм незнаёмы ёй мужчына й запрапанаваў, што ён адкупiць у яе кажух, штосьцi за патройную цану, жонцы, якая паходзiць, казаў, з заходняга ваяводзтва, маласьнежнага, i так далей.) Няважная размова з Кiрай устрывожыла Сьцяпана. Яна - ён заўважыў гэта - усё часьцей нудзiлася бяз працы. Гаварыў ёй: я дапамагу табе, Кiрачка. - Прыходзь хаця-б да нас у кааператыў; будуць крывiцца ў фiрме, што жонка, але - няхай. - Я - на вашу працу? - Кiра - як кацяня, якому хочацца пагуляць. - Сьцяпан, гэта было-б несур'ёзна, калi-б я адседжвала прадпiсаныя восем гадзiнаў зь людзьмi, якiм напляваць на тое, што робяць, i свой працоўны дзень пачынаюць ад чытаньня апошняй старонкi ў мясцовай газэце ды ўгавораў на брыдж. - Табе трэба дзiця, - умяшалася цешча, - нарадзiць... Цiха, бабуся, падарую табе бусьлянятка...

Злаваўся ён на Кiру за яе - выпадковыя - грубiянствы. Брыдкаслоўе жанчыны асаблiва агiднае, вiдавочна, таму, што гэтым дапускаецца яна самапанiжэньня, эмацыянальнага курэўства, у якiм вiнаваты, усё-такi, мужчына.

Iнспэктар ставiў Сьцяпану ня вельмi кампэтэнтныя пытаньнi. Адказаў ён на iх з тоенай усьмешкай. Справа датычыла наступнага здарэньня: у новазбудаваным пасёлку выявiлася, што адзiн дом зьяўляецца лiшнiм, нiчыйным. У сувязi з тым дасьледавалi выдаткоўваньне грашовых i матэрыяльных сродкаў, але бяз вынiкаў. Дом запiсалi ў прыход i ўтварылi камiсiю дзеля прызнаньня дармовага аб'екту ўласнасьцю каапэратыву. Шыта, крыта й падклеена, - рагаталi ў камiсii; у рэстаранiку "Перапёлачка" яны салiдна паабедалi гуртам, заказалi каньяку. ("Зладзейства ў межах дзяржавы наносiць толькi маральныя шкоды", - сьмяялiся, быццам сьвяткуючы Каляду ў вялiкай сям'i.)