Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 43

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Мама…

— Нічога не бачу, — кажа яна. — Цемра ў вачах. Гэта ты?

— Так, — у яго дрыжаць вусны. — Так…

Жанчына слаба ўсміхаецца:

— Ты доўга маўчаў…

— Так. Мне было дрэнна. Але зараз лепей.

— Дзяку Богу, — кажа яна. — Ты перахварэў. Ты цяпер будзеш жыць. Не дарэмныя пакуты ўсяго майго жыцця.

Яна кранае яго твар. Гладзiць дрыжачыя вусны.

— Ты плачаш? — пытае яна.

У Рогача коціцца з аднаго вока цяжкая сляза.

— Я вінаваты перад табою, маці.

— Ты будзеш жыць. Імем мацярынскай любові даю табе адпушчэнне грахоў. Усіх. Мінулых і сучасных.

Гасне яе твар. І тады Рогач схіляецца над ёю і аддае ёй апошні пацалунак.

Усмешка застывае на яе вуснах.

Рогач накрывае ёй твар. Устаў.

— О-о, — вырвалася з яго вуснаў.

Ён ідзе. Потым прыскарае крок. Потым бяжыць. Зарыва. Зарыва. Зарыва. Ён стаіць у лесе пад вялізнай, як дуб, дзікай грушай. Твар яго цямнее ў змроку велічэзнымі вільготнымі вачыма… Ён падае на калені, сядае на пяткі.

— Дух зямлі, што спарадзіў людское племя, — чутны яго голас.

Зоры заблыталіся ў галінах грушы.

— Дай мне смяротную долю. Простыя такія вялікія — дай мне быць простым.

Ён цягне рукі.

— Злітуйся. Дай. Дай быць чалавекам сярод людзей. Ведаць, што я смяротны, як яны. І павінен любіць і шкадаваць іх таму, што яны смяротныя, як я, і слабыя, як я… Дух зямлі, дух зямлі. — Рыданні раптоўна скаланулі яго. Ён падае ніц і рыдае так, што грудзі яго, здаецца, вось-вось разарвуцца.

Пад грушаю ў курчах раджаецца чалавек.

__________

Раніца. Тая самая груша. Рогач расплюшчвае вочы, прасынаючыся. Пяшчотна вуркоча недзе лясны голуб.

Раса вясёлкава ззяе на лістах. Алмазнае павуцінне зіхаціць у галінах. Свет прыгожы да слёз.

Рогач нерухома ляжыць у траве, успамінаючы аб чымсьці. Груша распасцерла над ім галіны з ледзь намечанымі бутонамі.

Ён глядзіць на яе, баючыся паварухнуцца. Нарэшце вусны яго зварухнуліся.

— Ссохні, — з надзеяй і нянавісцю кажа ён.

Цішыня. А потым груша расцвітае на яго вачах. Пышней. Пышней. Белая, — не відаць лісцяў, — звінячая пчаліным звонам, раскошная ў зіхаценні расы, яна дрыжыць на ім. Песціцца. І ўсё прыгажэй і нястрымней яе цвіценне.

__________

Рогач выходзіць з лесу на ўзлессе. Проста перад ім дарога, што ідзе ўдалячынь.

А па дарозе рушыць кавалькада: некалькі ўзброеных мужыкоў. Не звяртаючы на іх увагі, не ўздымаючы вачэй, Рогач ідзе да дарогі. І раптоўна жаночы крык прымушае яго ўздыргнуць.

— Рогач!!!

Ён узняў галаву…

…Проста да яго, саскочыўшы з каня, бяжыць па дарозе Дубраўка. І тады ён нястрымна кідаецца да яе. Сустрэліся. Зліліся.

— Я ведала, што ты прыйдзеш. Я ведала, што абавязкова… — Яна калоціцца ў яго руках, а ён бязважна цалуе яе вочы, бровы, валасы. Замершы, яна заплюшчвае вочы. Так яны стаяць, а вакол моўчкі глядзяць на іх коннікі.

Ян Шыбень перарывае маўчанне:

— Здароў, Андрэй!

— Здароў. Дзякуй табе. Што новага ў горадзе?

— Чума ў наваколлі знікла. Раптам. Гэтай ноччу.

— Я чамусьці ведаў, - кажа Рогач.

— Здаецца, ведаю і я, — кажа Дубраўка.

— Мы, — паправіў Ян. — Птушкі раззванілі аб гэтым паўсюль.

Ён папраўляе лук.

— Бывай. Ідзіце па зямлі. А мы паедзем. Зямля чакае, і вечар яшчэ далёкі.