Читать «Легенда аб бедным д"ябле і адвакатах Сатаны» онлайн - страница 42
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
П’янда глядзіць у спіну Рогачу, які аддаляецца, а потым у адчаі б’е нагою па камені.
— Згінь, рассыпся. — Яго курчыць. — Ліха на цябе, незламаны.
Ён пачынае правальвацца.
— Чорт пабірай, зусім як у дрэннай оперы, — спрабуе пажартаваць ён.
Знік. На дарозе ідзе да захаду адна постаць Рогача.
__________
У прысмерку ён падыходзіць да мёртвых гарадскіх муроў. Барвяныя блікі зарыва. І раптам ён чуе крыкі і лясканне бізуна па зямлі. З-за рагавой вежы вывальваюцца чалавек восем жанчын, запрэжаных у цяжкі плуг. Валасы распушчаны, на целах адны сарочкі. Цяжкі, тлусты разор застаецца за плугам. Жанчыны валакуцца, нахіліўшыся, амаль дакранаючыся валасамі да зямлі. Цёмныя твары ў скрусе і журбе.
— Пот нясём! Кроў сваю! Уратуй мілых!
— Стойце! — спыняе іх Рогач. — Што вы робіце?
Жанчына-асілак, што вядзе плуг, стала.
— Мы адчаяліся, — кажа яна. — Мы палілі смалу, адводзілі да брамы самую злую цешчу… А чорная смерць забівае, забівае… Шмат хто пайшоў. А многія мруць. Мруць. Цяпер засталося апошняе — абараняць горад. Іначай як мы ўратуем?.. Як?!
Рогач схіляецца перад імі да зямлі.
— Вазьміце мяне ў ахвяру. Забіце мяне.
— За што, добры чалавек? Не, ідзі сваёй дарогай. Беражы сябе. У горадзе і без гэтага няма дапамогі. Горад пусты… Гэ-эй!
Хвастануў па зямлі бізун. Надрываючыся, нацягваючы лямкі, яны пацягнулі далей цяжкі плуг.
__________
Рогач ідзе пустой вуліцай горада. Палае ў бочках смала. Блікі зарыва скачуць па яго абліччы.
Вузкая вулачка. Па абодва бакі яе — агароджы маленечкіх садочкаў. І раптам Рогач чуе стогн. Азірнуўся…
…У адным садку ляжаць юнак, у другім — дзяўчына. Яны прасунулі рукі праз краты агароджаў, імкнучыся дацягнуцца адно да аднаго. Але іхнія рукі падзяляе не менш як сажань. Дзяўчына не дыхае. Юнак яшчэ цягнецца да яе.
Рогач стаіць і глядзіць на іх. Гэтыя маладыя абліччы. Толькі на твары юнака туга і бяссільнасць. Задрыжэлі веі Рогача. Пакутны глухі гук вырваўся з грудзей.
Ён зноў глядзіць на шрам на запясці. Потым рашуча адчыняе фортку садка, падыходзіць і бярэ дзяўчыну на рукі.
Узмывае ўгору музыка… Асветлены зарывам, ён нясе яе, нясе, нясе, і твар яго прыўкрасны як ніколі…
…Паднёс, паклаў поруч з юнаком, у якога раптам рэзка расплюшчыліся вочы.
— Нахіліся… Кароль?
Рука яго шукае эфес кінжала.
— Не, — кажа Рогач. — Я ненавiджу яго, як можна ненавiдзець самае нячыстае ў сабе.
— Дзякуй Богу… Я ледзь не забіў невінаватага.
Кінжал вывальваецца з яго рукі. Ён падсоўвае руку пад галаву дзяўчыны. Заплюшчвае вочы.
— Цяпер я буду спаць. Доўга. Дзякуй табе, добры чалавек.
…Рогач ідзе прэч, рассеяна дакранаючыся да запясця.
Усё паскараюцца яго крокі.
Скача зарыва.
__________
На плошчы, проста пасярэдзіне яе, ляжыць сівеючая жанчына ў чорным. Рогач набліжаецца да яе.
— Лёле, — чуе ён слабы голас, — Лёле, сынок.
Кліча жанчына. Рогач водзіць вакол вачыма. Непадалёк ляжыць хлопец яго год. Ён чымсьці падобны на Рогача. Рогач падыходзіць да яго, прыкладвае руку да яго сэрца. Хлопец мёртвы.
— Лёле…
Рогач закрывае далонню вочы. Пальцы яго дрыжаць. А потым ён падыходзіць да жанчыны і знаходзіць яе руку.