Читать «Эрыніі» онлайн - страница 8

Юры Станкевіч

Некалькі кнігавак з істэрычнымі крыкамі пачалі лётаць у яго над галавой, але неўзабаве сцішыліся і адляцелі ў бакі. Шэрая варона нязграбна прайшлася па ўзгорку непадалёк, з цікавасцю пазіраючы на чалавека цёмнымі пацеркамі вачэй.

Слядак удыхнуў у грудзі паветра і знерухомеў, аддаючыся незнаёмым дагэтуль пачуццям. Пакрыты смогам Мегаполіс, які ён часова пакінуў, быццам адышоў у мінулае, выпаў з жыцця, як разам выпадае згнілы і аджылы сваё хворы зуб.

Ён скінуў красоўкі і застаўся басанож. Калі ён вось так ступаў нагамі па зямлі? Колькі часу прайшло з той пары?

Ён распрануўся і зайшоў у ваду. Грунт быў цвёрды, пясчаны і без прыкмет глею. Па меры руху наперад вада дасягнула яму каленяў, пояса, паднялася да грудзей, і тады ён набраў у лёгкія паветра і адштурхнуўся ад дна. Далёкі востраў наперадзе, на які Слядак зрэдку кідаў позірк, быў яму арыенцірам. Але да вострава ён не паплыў, вырашыў зрабіць гэта пасля, напрыклад, заўтра ці пазней. Ён перакуліўся на спіну і застаўся так ляжаць на вадзе, углядаючыся ў неба, па якім зрэдку паўзлі белыя празрыстыя аблокі. На кароткі міг пачуццё шчасця цалкам ахапіла яго.

Ён доўга ляжаў так, амаль што выключыўшы сябе з адчування часу, калыхаючыся ў халаднаватых хвалях, толькі зрэдку варушыў нагамі і кісцямі рук, каб заставацца на плаву. Але стан няўцямнай трывогі і напружанасці, які суправаджаў яго ўсе апошнія гады і які пачаўся даўно, нават перад Катастрофай, і цяпер звыкла апанаваў яго. У думках Слядак вярнуўся назад, да гутаркі са сваім начальнікам, якога ўсе звалі Гектар. Белы, ён, як хадзілі чуткі, быў чальцом «Паўночнага Кардона» — забароненай суполкі, якая змагалася за правы белай меншасці. Гектар выклікаў яго, каб даць наказ на дарогу, але не толькі. Слядак ведаў яго як скрытнага, але рашучага чалавека, дарэчы, земляка. У іх адбылася кароткая гутарка без сведкаў.

«Я даўно сачу за табой, ведаў і тваіх бацькоў, — гаварыў яму напаследак Гектар — сівы, знешне малапрыкметны чалавек з такім жа малапрыкметным, ардынарным тварам, але лоб яго быў па-мужчынску высокі, а з-пад надброўяў небяспечна свяціліся жывым розумам вочы, — і заданне, з якім ты едзеш у Паселішча, мае два напрамкі. Адзін — афіцыйны: ты павінен раскрыць што-небудзь пра забойствы і прадставіць, калі здолееш, доказы вінаватасці злачынцы ці злачынцаў, а другі — крыху іншы: ты таксама павінен раскрыць, што здолееш, пра забойствы, знайсці таго ці тых, хто іх здзейсніў, і паведаміць іх імёны спачатку асабіста мне. Той чалавек ці людзі, адзін, два іх, тры ці нават пяць, магчыма, маюць мэты, якія супадаюць з нашымі. I тады першы напрамак тваіх вышукаў будзе ануляваны, але гэта ўжо толькі мая справа».

«Чалавек ці людзі, якіх я, можа, і знайду, — яны маюць для нас нейкую асабістую каштоўнасць?» — спытаў ён тады.