Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 54

Антуан Сент-Экзюпери

Якой бы недарэчнасцю нi выглядала гэта, сёння мне здаецца, што пазбаўлены люб-якой падказкi, якая магла б прадвызначыць наш выбар, я абраў гэты напрамак толькi таму, што ён выратаваў у Андах майго сябра Гiёмэ, якога я так доўга шукаў. Ён падсвядома стаў для мяне напрамкам да жыцця.

Пасля пяцi гадзiн шляху краявiд мяняецца. Адзiнокая рака пяску нiбыта сцякае ў нейкую лагчынку, i мы пускаемся па ёй. Iдзём хутка, нам трэба прайсцi як мага болей i да ночы вярнуцца назад, калi нiчога не нагабаем. Раптоўна я спыняюся як укопаны:

- Прэво!

- Што?

- Сляды...

Калi ж гэта мы забылiся пакiдаць за сабой баразну? Калi мы не адшукаем яе - канец.

Вяртаемся назад, але бяром трошкi правей. Адыдзем як мага далей, павернем яшчэ раз пад прамым вуглом i тады напэўна перасячом стары след.

Звязаўшы гэтую нiтку, прастуем далей. Спёка ўзмацняецца, а з ёю нараджаюцца i мiражы. Але гэта пакуль сама элементарныя мiражы. На даляглядзе вялiкае возера, а падыдзеш блiжэй - i няма яго. Вырашаем перайсцi пясчаную лагчыну, падняцца на сама высокi ўзгорак i агледзець наваколле. Iдзём ужо шэсць гадзiн. Адмахалi, вiдаць, добрых трыццаць пяць кiламетраў. Узбiраемся на вяршыню намечанага чорнага купала i моўчкi сядаем. Унiзе пясчаная рака, па якой мы iшлi, упадае ў пясчанае мора, без адзiнага каменьчыка - зiхоткая белата слепiць, рэжа вочы. Пустыня, як вокам ахапiць - пустыня. Але ўдалечынi пералiвы святла ствараюць новыя мiражы, куды болей хвалявальныя. Там узнiмаюцца крэпасцi i мiнарэты, высозныя будынiны з. выразнымi абрысамi. Яшчэ прыкмячаю вялiкую цёмную пляму, якая здаецца зялёным гаем, але яна аказваецца воблакам - апошнiм з тых, што ўдзень рассейваюцца i зноў уваскрасаюць пад вечар. Той гай - усяго толькi цень кучавога воблака.

Далей iсцi няма сэнсу, гэта нiчога не дасць. Трэба вяртацца да самалёта, гэты чырвона-белы бакен, магчыма, заўважаць нашы таварышы. Хоць я i не пешчу нiякiх надзей на iхнiя пошукi, i ўсё-такi толькi з паветра, можа прыйсцi выратаванне. А галоўнае, там, у самалёце, засталiся апошнiя кроплi вадкасцi, а мы болей не можам трываць, так хочацца пiць. Нам трэба вярнуцца - каб жыць. Мы вязнi гэтага жалезнага кола, мы ў палоне смагi, надоўга яна не адпусцiць.

Але як цяжка паварочваць назад, калi, магчыма, наперадзе - жыццё! Магчыма, там, за мiражамi, i сапраўды ўстаюць гарады, цячэ па каналах вада, зелянеюць лугi. Я ведаю, вярнуцца назад - проста неабходна. I ўсё ж, калi раблю гэты жудасны паварот, у мяне такое адчуванне, што я iду на дно.