Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 42

Антуан Сент-Экзюпери

- Я пераганяў статкi, i мяне звалi Магаметам.

Чорны нявольнiк Барк быў першы з маiх знаёмых нявольнiкаў, якi не скарыўся. Нiчога, што маўры гвалтам адабралi ў яго свабоду, у адначассе абабралi так, што ён стаў галей немаўляцi. Гэтак пасланая богам бура за гадзiну знiшчае ўвесь плён гадавой працы селянiна. Але не толькi ў страчаных дабротах была справа, куды сур'ёзней маўры пагражалi яму як асобе. I Барк не мiрыўся з гэтым, хоць столькi iншых нявольнiкаў так лёгка дазволiлi забiць у сабе немаёмнага перагоншчыка статкаў, якi круглы год нястомна здабываў свой хлеб!

Барк не прыстасоўваўся да рабства, як, страцiўшы надзею на лепшае, прыстасоўваюцца да пасрэднага шчасця. Ён не хацеў ствараць свае радасцi раба з паблажлiвасцi гаспадара рабоў. Ён i ў адсутнасць Магамета бярог той дом, дзе жыў гэты Магамет яго душы. Сумна бачыць пустым гэты дом, але нельга дапусцiць, каб нехта iншы пасялiўся ў iм. Барк нагадваў ссiвелага вартаўнiка, якi памiрае ад вернасцi сярод зелянiны прысадаў i самотнай цiшы.

Ён не казаў: "Я - Магамет бен Лаўсiн", ён казаў: "Мяне завуць Магаметам" i марыў пра той дзень, калi гэты забыты персанаж уваскрэсне зноў, адным сваiм з'яўленнем адмятаючы прэч воблiк раба. Часам сярод начной нематы яго, як незабыўная песня маленства, апаноўвалi ўспамiны. "Сярод ночы, - расказваў нам наш маўрытанскi перакладнiк, - сярод ночы ён раптам загаворвае пра Маракеш, гаворыць, а сам плача". Нiхто не ўнiкае адзiноты ў такiх выпадках. У iм знянацку ачынаўся той iншы чалавек, ён усяляўся ў ягоную плоць, шукаў жанчыну тут, у гэтай пустынi, дзе нiводная жанчына нiколi не падыдзе да Барка. Тут, дзе не было i заваду крынiцы, да Барка даносiлася песня крынiчнай вады. Барк заплюшчваў вочы - i тут, дзе людское жыллё зроблена з грубага лямцу, дзе людзi жывуць як перакацi-поле, яму мроiўся яго белы дамок, над якiм штоночы гарыць адна i тая ж зорка. Перапоўнены гэтымi былымi, цудадзейна ўваскрэслымi радасцямi, нiбыта магнiт, ад якога яны зыходзiлi, быў зусiм побач, Барк iшоў да мяне. Яму хацелася сказаць мне, што ён наўзгатове, i што ўсе гэтыя радасцi наўзгатове, i што, каб раздарыць iх, засталося толькi вярнуцца дадому. I было б дастаткова аднаго майго знаку. I Барк усмiхаўся i падказваў, што я павiнен зрабiць, я ж, вядома, яшчэ не дадумаўся да такога: