Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Антуан Сент-Экзюпери

Неяк, Гiёмэ, я прачытаў адзiн расказ, дзе ўсхваляўся твой подзвiг, i права паквiтацца з тым непраўдзiвым вобразам яшчэ за мной. Там, у тым апавяданнi, ты так i сыпаў прастачымi "гаўрошавымi" жартамi, як быццам адвага заключаецца ў тым, каб у хвiлiну найгоршай небяспекi, на парозе смерцi прынiзiцца да шкалярскага зубаскальства. Аўтар таго апавядання не ведаў цябе, Гiёмэ. Перад тым як пайсцi на штурм сваiх супрацiўцаў, ты не адчуваеш патрэбы высмейваць iх. Нагабаўшы навальнiцу, ты проста разважаеш: "Ага, навальнiца". Ты ведаеш, што гэта такое, i рыхтуешся да яе.

Прымi, Гiёмэ, сведчанне маёй памяцi.

Ты знiк на цэлых пяцьдзесят гадзiн пры пералёце цераз Анды, зiмой. Я акурат вярнуўся з Цэнтральнай Патагонii i ў Мендосе далучыўся да лётчыка Дале. Пяць дзён кружылi мы над гарамi, намагаючыся адшукаць у гэтым хаосе якi след, але беспаспяхова.

Нашых дзвюх машын было вiдочна недастаткова. Здавалася, што i сотня эскадрылляў за сотню год не здолела б прашарыць гэты агромнiсты масiў з вяршынямi, якiя ўздымаюцца ўгору на сем тысяч метраў. Мы страцiлi ўсялякую надзею. Нават кантрабандысты, бандыты, за пяць франкаў гатовыя пайсцi на злачынства, адмаўлялiся правесцi нас цераз горныя хрыбты з атрадам ратаўнiкоў. "Тут можна i жыццём паплацiцца, - казалi яны. - Зiмой Анды не выпускаюць людзей жывымi са сваiх лапаў". Калi Дале цi я прызямлялiся ў Сант'яга, чылiйскiя афiцэры таксама раiлi нам спынiць пошукi. "Зiма ж на дварэ. Ваш таварыш калi i выжыў, упаўшы, то не перажыў ночы. Калi там, у гарах, чалавека застае ноч, яна ператварае яго ў лядзяш". I калi я зноў i зноў слiзгаў мiж сцен i гiганцкiх калон Андаў, мне здавалася, што я шукаю ўжо не цябе, а ў моўчы снегавога храма чытаю над табой апошнюю малiтву.

I вось на сёмы дзень, калi ў перапынку памiж двума вылетамi я снедаў у адным мендоскiм рэстаранчыку, нейкi чалавек рыўком расчынiў дзверы i выгукнуў - о! усяго толькi два словы:

- Гiёмэ... жывы?

I ўсе незнаёмыя мiж сабой людзi, якiя сядзелi тады ў рэстаране, кiнулiся ў абдымкi.

Праз дзесяць хвiлiн я ўжо ўзняўся ў паветра з двума механiкамi на борце, Лефеврам i Абры. А яшчэ праз сорак хвiлiн прызямлiўся на палявой дарозе, богведама як угадаўшы машыну, якая везла цябе некуды ў кiрунку да Сан-Рафаэля. Гэта была незабыўная сустрэча, мы плакалi i сцiскалi цябе ў абдымках, жывога, уваскрэслага, творцу твайго ўласнага цуду. Менавiта тады ты i выцiснуў з сябе, i гэта была першая твая выразная фраза, дзiвосная гордасць чалавека: "Клянуся, я такое здолеў, што нiводнай бестыi не пад сiлу".

Пазней ты сам расказаў нам, што здарылася з табою.

Страшэнны буран, якi за двое сутак навярнуў на чылiйскiя схiлы Андаў пяцiметровыя гурбы снегу, завалок усю прастору, i лётчыкi з амерыканскай авiякампанii Пан-Эйр павярнулi назад. Але ты ўсё-такi вылецеў, каб знайсцi хоць якую шчылiнку. Ты знайшоў яе, гэтую пастку, трошкi паўднёвей, i на вышынi шасцi з паловаю тысяч метраў, цяпер ужо над хмарамi - яны залягалi на вышынi шасцi тысяч метраў, i з iх сям-там вытыркалiся нешматлiкiя вяршынi, - i ўзяў курс на Аргенцiну.