Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Антуан Сент-Экзюпери

Мы сапраўды прывыклi падоўгу чакаць сустрэч. Бо яны, таварышы па авiялiнii, параскiданы па ўсiм свеце, ад Парыжа да чылiйскага Сант'яга, як адзiнотныя вартавыя, якiя не маюць магчымасцi перакiнуцца словам. Патрэбен дарожны выпадак, каб дзе-кольвечы звесцi разам раскiданых сябраў вялiкай лётнай сям'i. I вось дзе-небудзь у Касабланцы, цi ў Дакары, цi ў Буэнас-Айрэсе па гадах маўчання зноў за вячэрай узнаўляюцца перарваныя некалi гутаркi, зноў прыгадваецца мiнулае. А там i зноў развiтанне. Мабыць, менавiта пагэтаму зямля i пустынная, i багатая адначасова. Багатая гэтымi свяшчэннымi садамi сяброўства, патаемнымi, цяжка даступнымi, але куды, рана цi позна, прыводзiць нас наша рамяство. Жыццё, можа, i адрывае нас адзiн ад аднаго i не дае нам дужа задумвацца над гэтым, але дзесьцi ўсё-такi ёсць яны, таварышы, хоць дакладна i невядома дзе, маўклiвыя i самотныя, але такiя шчыраверныя! I калi нашы дарогi скрыжоўваюцца, яны з такой бязмежнай радасцю сцiскаюць нас у сваiх абдымках! Канечне, мы прывыклi чакаць...

Але з цягам часу прыходзiць адкрыццё, што светлы смех таго цi iншага таварыша мы ўжо нiколi не пачуем болей, мы спасцiгаем, што той сад забаронены для нас назаўжды. Тады i пачынаецца наша сапраўдная жалоба, не пакутлiвая, а горкая.

Сапраўды, нiшто нiколi не заменiць страчанага таварыша. Нельга наноў стварыць былых сяброў. Нiшто не пераважыць скарбу столькiх агульных успамiнаў, столькiх бядот, перажытых разам, столькiх сварак, прымiрэнняў, парыванняў сэрца. Немагчыма ўзнавiць былую прыхiльнасць. Калi садзiш дуб, дарэмна спадзявацца неўзабаве знайсцi прахалоду ў ягонай засенi.

Гэтак ужо вядзецца ў жыццi. Спачатку мы багацеем, гадамi садзiм дрэвы, але прамiнаюць гады, i час нiшчыць нашы стараннi i выкарчоўвае лес. Таварышы адзiн за адным пазбаўляюць нас прытулку. I з гэтай пары да нашай жалобы прымешваецца цiхi жаль ад таго, што i самi мы старэем.

Вось яны, урокi, дадзеныя нам Мермозам i iншымi таварышамi. Велiч любога рамяства, магчыма, заключаецца перш за ўсё ў тым, што яно яднае людзей: на свеце iснуе толькi адна-адзiная раскоша - раскоша чалавечых повязяў.

Працуючы толькi дзеля аднаго матэрыяльнага дастатку, мы самi сабе будуем турму. Мы замуроўваемся ў адзiноце разам з тленам нашых грошай, якiя не могуць даць анiчога, дзеля чаго варта было б жыць.

Калi я шукаю ў сваёй памяцi тых, хто пакiнуў ува мне глыбокi след, калi я падлiчваю гадзiны, якiя нешта значылi, я, несумненна, знаходжу тое, чаго б не забяспечыла мне анiякае багацце. Нельга купiць дружбу такога чалавека, як Мермоз, дружбу паплечнiка, якога навечна знiтавалi з намi перажытыя сумесна выпрабаваннi.

Нельга купiць за грошы гэтае пачуццё, калi ляцiш праз ноч, у якой гарыць сто тысяч зорак, i на душы бязвоблачна, i некалькi гадзiн ты - усемагутны.