Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Борис Саченко

Язэп з усiх ног кiнуўся на кухню, прынёс шклянку вады. Але Пятро Пятровiч не раскрываў зубоў, шклянка бiлася аб iх, трымцела.

- "Хуткую дапамогу", доктара паклiчце! - камандавала Лiна.

Язэп пабег да тэлефона, выклiкаў "хуткую дапамогу".

"Хуткая дапамога" прыехала надзiва хутка. Можа, здагадалiся, ведалi, хто выклiкае. Цэлая брыгада людзей у белых халатах мо з гадзiну важдалася ля Пятра Пятровiча - слухалi бiццё сэрца, мералi цiск, лiчылi пульс, спрабавалi гаварыць з хворым. Аднак ён не падаваў асаблiвых надзей. Хiба што дыхаў, скрыпеў зубамi ды хроп...

Узвалiўшы Пятра Пятровiча на насiлкi, дактары вынеслi яго з кватэры, пагрузiлi ў машыну, павезлi ў бальнiцу. З iмi, не хочучы пакiдаць мужа аднаго, паехала i Лiна...

Змаганне за жыццё Пятра Пятровiча вялося некалькi сутак. Ён то расплюшчваў вочы, быццам прыходзячы ў свядомасць, то зноў пагружаўся ў цемру. Iншы раз махаў рукамi, варушыў губамi, спрабаваў нешта вымавiць, сказаць. Неяк ён нават прашаптаў: "Няхай лепш немец мяне заб'е... А душу... Не прадам, не аддам!.."

Лiна, якая не адыходзiла ад хворага нi на хвiлiну, заплакала.

- Ён трызнiць... Трэба ж, каб так падзейнiчаў на яго Славiкаў сон...

Але не, не сон падзейнiчаў на Пятра Пятровiча. Падзейнiчалi тыя словы, што сказаў Славiк пра чорта, Карчоўнiка. Успомнiў, у адзiн мiг успомнiў, быццам маланка апалiла Пятра Пятровiча, калi пачуў, што саснiлася, прыблюзнiлася Славiку, - як наяве ўбачыў тыя, залiтыя вадою, выгары, дзе некалi, адстаўшы ад вяскоўцаў i мацi, хаваўся ад карнiкаў, немца, што iшоў, наблiжаўся, старадрэвiну i таго чорта - Карчоўнiка, што вылез з-пад вываратня, пачаў прасiць прадаць душу... Толькi цяпер, гэты раз, чорт ужо не ўгаворваў яго прадаць душу, а патрабаваў аддаць. Калi ж ён, Пятро Пятровiч, пачаў супрацiўляцца, не згаджацца, Карчоўнiк, смеючыся, быццам радуючыся, што нарэшце дачакаўся свайго, накiнуўся на яго, пачаў зубамi, лапамi раздзiраць грудзi, iмкнучыся дастаць сэрца. Ён, Пятро Пятровiч, абараняўся як мог - бiў чорта рукамi, спрабаваў схапiць за горла, задушыць. Але чорт быў вёрткi, выкручваўся. I зноў, зноў, счакаўшы некаторы час, накiдваўся, нападаў. I гiгiкаў, смяяўся, кпiў:

- А што ж ты хацеў? Прадаць душу i - не аддаць? Э-э не, брат! Плацi! За ўсё, усё плацi, што я рабiў! I дзякуй, дзякуй скажы - жыў ты, як рэдка хто, усяго хапала, нi ў чым не меў патрэбы... I хочаш, каб гэта было дарма? Не-е, не-е!

Чорт мяняў сваё аблiчча, з маленькага, худзенькага, кволенькага рабiўся раптам быццам арангутанг - з амаль метровымi лапiшчамi, вострымi зубамi iкламi, шалёнымi, злымi вачыма. I калi, гырчучы, пырскаючы слiнаю, кiдаўся, наступаў на Пятра Пятровiча, у чорта падымалася, уставала дыбка на галаве i на хiбе шэрсць.

Пятро Пятровiч нiколi не пасаваў перад цяжкасцямi, не здаваўся, не адступаў. Жыццё прывучыла яго да поспехаў, перамог. I адступаць, пасаваць перад нейкiм чортам, здацца... Не-е! Ён сцiскаў кулакi, напружваў усе свае сiлы i кiдаўся на свайго ворага, браў загрудкi, трос, калацiў, а то i, злаўчыўшыся, хапаў за шыю, душыў...