Читать «Карчоўнiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Борис Саченко

I прадстаўлялi. Праўда, не правяральшчыкi, а ўжо iншыя, хто таксама бываў у Пятра Пятровiча, ведаў яго. I слава Пятра Пятровiча расла ўсё больш i больш. Яго партрэты мiльгалi ў газетах i часопiсах з розных выпадкаў - то ён прэмii атрымлiваў, то яму прысвойвалiся чарговыя ганаровыя званнi, то друкавалiся яго iнтэрв'ю, артыкулы...

З выгляду Пятро Пятровiч таксама мала мяняўся - быў па-спартыўнаму падцягнуты, рухавы - зусiм малады. Рэдка хто мог не памылiцца, сказаць, колькi яму год. Звычайна давалi яму на дзесяць - пятнаццаць гадоў менш, чым было на самай справе. Пятро Пятровiч нiколi нi на што не хварэў. Нават калi бывалi эпiдэмii грыпу, то яны яго абмiналi, абыходзiлi. Здаралася, хварэў увесь iнстытут, уся акадэмiя, горад увесь, а Пятро Пятровiч - хоць бы што.

- Як гэта вам так удаецца? - пыталi ў яго.

- А я... Часначок кожны дзень на ноч ем, жую... - прызнаваўся ён.

Спрабавалi есцi, жаваць на ноч "часначок" iншыя. Аднак... Усё адно хварэлi.

- Значыцца, часначок у вас не той, - жартаваў, смяяўся Пятро Пятровiч, калi гаварылi яму, што парада яго не памагае, усё адно не абмiнае, хапае грып.

Жыццярадасны, вясёлы, па натуры аптымiст, Пятро Пятровiч любiў пасмяяцца, пажартаваць. Ды i чаму б не! Справы яго iшлi выдатна, усё, што яму хацелася, ён меў, нi ў чым не адчуваў патрэбы. Лад i парадак на працы, лад i парадак у сям'i. Адкрыццi, што зрабiў ён у матэматыцы, надалi яго iменi вядомасць i папулярнасць. Iх, гэтыя адкрыццi, заўважылi, ацанiлi. Што яшчэ трэба, чаго хацець? Ёсць здароўе, ёсць дзе жыць, ёсць хлеб i да хлеба. Жывi ды радуйся.

I Пятро Пятровiч жыў, радаваўся...

Неяк уночы Пятро Пятровiч прахапiўся ад страшнага, адчайдушнага крыку. Крычаў Славiк. I крычаў так, што аж валасы ўсталi дыбка ў Пятра Пятровiча.

Як ляжаў у пасцелi - у пiжаме, босы, - так i кiнуўся, пабег у пакой да Славiка.

Там, у пакоi, былi ўжо Наташка, Язэп, Лiна. Не запальваючы святла, усе стаялi ля дзiцячай пасцелi, чулi, як крычаў Славiк, i, разгубiўшыся, не ведалi, што рабiць.

- То ён у сне, мабыць, крычыць, - сказаў Пятро Пятровiч. - Збудзiце яго!

Наташка схiлiлася над Славiкам, пачала яго тузаць, нешта ласкавае шаптаць, гаварыць - будзiць.

Славiк прачнуўся, расплюшчыў вочкi. I... здзiвiўся, убачыўшы ля сваёй пасцелi мацi, бацьку, бабу, дзеда...

- Што з табою, Славiк? - лашчылася шчакою да яго шчакi мацi, Наташка.

Славiк цяжка дыхаў, калацiўся ад страху, нiяк не мог апамятацца.

- У цябе балiць што-небудзь?

- Не, - круцiў галавою Славiк.

- Прыснiлася што?

- Чорцiк... - прашаптаў Славiк. - Ён сябе Карчоўнiкам назваў... Сказаў, што па дзядулеву душу прыйшоў...

Слухаючы Славiка, нiхто не звярнуў асаблiвай увагi на дзеда - Пятра Пятровiча. А той раптам як стаяў, так i асунуўся, рухнуў на падлогу.

- Вады, дайце вады! - закрычала на ўсю кватэру Лiна.