Читать «Чазенія» онлайн - страница 2

Уладзімір Караткевіч

Зямля трапіла ў рой чорных зор, і паўсталі над ёй апакаліптычныя коннікі, імя якім – Смерць. I самага страшнага ён не бачыў.

I звон напоўніў сусвет.

– Хто? – на апошнім, здаецца, дыханні хрыпата спытаў ён.– Хто?

– Ты што, спаў?

Толькі тут ён убачыў акно, стол, шэрую тэлефонную трубку ў руцэ і скеміў, што ён ляжыць на ложку ў сваім нумары, ляжыць, увесь заліты халодным потам.

Шалёна валіла ў грудзі сэрца. Прасціна, пад якой ён ляжаў, была ўся вільготная.

– Васіль Паўлаў звоніць... Спаў, ці што?

– А-а, Васіль... – з удаванай абыякавасцю сказаў ён. – Ды так, драмалася трохі...

Ён даўно прывучыўся хаваць ад усіх свае кашмары. Ён саромеўся іх. Занадта часта яны паўтараліся – усё розныя, – каб пра іх можна было расказваць.

– Ты яшчэ не абедаў? – Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што гэты спіць спакойна. – То можа пачакаеш гадзіны паўтары? Разам паямо.

– Добра. Калі? Дзе?

– Скажам, гадзіны ў тры. Як наконт марвакзала? Родненькага?

– Згода, – і ён паклаў трубку, устаў.

За акном ляжаў у ручаінах дажджу Уладзівасток. Віселі над усім нізкія-нізкія грыфельныя хмары. Такія нізкія, што сопкі да паловы хаваліся ў іх, і здавалася, што горад таксама пацее пад шэрай коўдрай. Парка. Мокрая задуха. Свінцова блішчыць Залаты Рог. Дамы, дрэвы, сілуэты караблёў – усё размытае, як на японскіх гравюрах.

У доме на рагу, на першым паверсе, свеціць праз акно залацістым пузам каралеўскі пінгвін. Там нейкі музей. I сумна, мусібыць, гэтаму пінгвіну глядзець у дождж – над-звы-чай-на...

Дождж і дождж. I гэта на пачатку верасня. Нібыта пасля яснага, гарачага жніўня зноў вярнуўся дажджлівы, парніковы прыморскі ліпень.

Значыцца, зноў павеялі вятры з поўдня, з мора, зноў адцяснілі яны паўночны вецер, што ў жніўні, верасні і кастрычніку нясе гэтай зямлі вечнае сонца, гарачыню і здаровую прахалоду начэй.

Ён пайшоў пад душ, але і там давялося хвілін дзесяць чакаць, пакуль вада зробіцца адносна халоднай. Стаяў пад яе струменямі, што хвасталі па грудзях, плячах, галаве, і паступова адыходзіў, нібы вада, змываючы ліпкі пот, адначасова выбівала з душы змрочныя цені сну.

"Ах, як добра! Як хораша! Нават нічога, што давядзецца ісці ў марвакзал. Чым ужо аднаму абедаць, то лепей з Васілём..."

3 Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, ён пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Хутчэй ад няма чаго рабіць зайшоў у рэстаран марскога вакзала, сядзеў сярод шумлівага натоўпу, піў сухое віно і глядзеў то на заліў у двайных агнях караблёў, то на сценку над барам, па якой плылі яркія, рэльефныя кальмар і кашалот.

Гэта было яшчэ ў ліпені. Дажджы лілі так, што цвілі туфлі ў шафе. Не надзенеш дні тры – і гатова: нібы нехта іх пад малахіт пафарбаваў. Вось і там, у рэстаране, не прыносілі палёгкі ні халоднае віно, ні заліў за вокнамі, ні ноч. I ад гэтага, хутчэй чым ад віна, туманілася галава і здавалася, што рукі брудныя.

I вось калі ён другі раз выйшаў памыць іх, ён убачыў, што каля ўмывальні некалькі хлопцаў амаль прыціснулі да сценкі нейкага каржакаватага чалавечка. I чалавечак і хлопцы былі апрануты вельмі добра, але дарагія гарнітуры хлопцаў сядзелі на іх, як на карове сядло, ціснулі пад пахамі, мулялі ў грудзях. Ды і чалавечак адчуваў сябе кепска ў шэрай, відаць па ўсім, замежнай пары.