Читать «Чазенія» онлайн - страница 14

Уладзімір Караткевіч

Стала, успёрлася на балюстраду. Ён пакасіўся на яе, але твару ў цямноцці разгледзець не мог. Так, нешта невыразнае свеціцца ў глыбокім прыцемку. Трохі вышэйшая за ягонае плячо – значыцца, рост харошы.

I страціў цікавасць, перастаў звяртаць на суседку ўвагу. Хіба што зрэдку нагадваў пра яе натоўп. Штурхнецца недзе – і ён адчувае мускуламі рукі худзенькае плячо, або нагою – плаўны выгін яе клуба. I яна адразу адсунецца, а ён у думках ухваліць гэтую яе грэблівасць да шчыльнай цеснаты чалавечай гурмы і зноў забудзе.

Ані на набярэжнай, ані на моры доўга не палілі агнёў. Чакалі, відаць, пакуль конча сцямнее. А было і без таго цёмна, і даўно ўжо крануўся стылым попелам захад. Толькі што былі вежы хмар на барве і зіхоткім золаце – і вось ужо нешта няясна ірдзее, трохі жаўцее, сінее. I вось замест палымянага шафрану – бялёсая смуга, замест залатога іканастаса – адзіны светлы мазок, нібы самотная свечка ў змроку.

– Нібы свечка ў змроку, – сама сабе шапнула яна, відаць, забыўшыся, бо адразу нібы адсекла сказ.

А ён здзівіўся гэтаму даслоўнаму адказу на свае думкі. I нейкая эфемерная блізкасць нарадзілася між ім і гэтай невядомай істотай.

Апошні блік згаснуў на захадзе, і адразу ж у тым месцы ледзь бачнымі іскрачкамі-пясчынкамі затрапятала над залівам слабенькае сузор'е.

– Што гэта там так далёка? – звярнуўся ён да суседкі. – Я яшчэ ўдзень бачыў там белыя кропкі. Домікі?

– Вы з самага дня тут стаіце?– у голасе гучала іронія.

– Вось чалавек, які не спяшаецца...

– А вам што, не здаралася спяшацца, а пасля сесці недзе і гадзінамі сачыць, як усё мяняецца? Вось было святло – стаў цень. Было мора аквамарынавае, пасля колеру прускага блакіту, пасля бутэлечнае.

– Прыгожа, – сказала яна, і ён з прыкрасцю падумаў, як яна можа расцаніць гэты раптоўны паток слоў, незнаёмая.

Сябры яго ведалі. А лепшыя нават здагадваліся, што ў гэтым чалавеку жыве вечная прага адкрыць людзям вочы на тое, што бачыць ён, зрабіць так, каб і яны парадаваліся, бо грэх карыстацца радасцю і прыгажосцю аднаму, а некаторыя людзі самі не могуць убачыць іх. На жаль, гэта прага амаль заўсёды нарывалася на неразуменне. А можа, ён проста не мог адкрыць людзям вочы, перадаць ім, які ён прыўкрасны, той свет, які ўстае перад вачыма Севярына Будрыса? Хацеў і не мог.

– Вы, пэўна, мастак?– у голасе ўсё яшчэ іронія.

– Каб мяне пасадзілі побач з пяцігадовым дзіцем маляваць карову – яно б перамагло.

– Вы так не любіце кароў?

Ён сказаў ужо сухавата:

– Любіць мала. Трэба – умець... Большасць людзей любіць мора. А вось я не бачыў нешта ніводнай карціны ў ніводнага марыніста, каб дасканала перадала ягоны воблік.

I змоўк.

Яна, відаць, зразумела, што ён гаварыў шчыра, не думаючы завязаць знаёмства, і што яна дарэмна пакрыўдзіла чалавека іроніяй. Таму што пасля доўгай паўзы сказала ўжо зусім іншым голасам:

– Іскры – гэта Перавознае. Там невялікі прычал, склады і хаты. Мала. За імі сопкі, збольшага яшчэ не абдзёртыя. Калі пайсці ад яго на поўночны захад – на беразе чамусьці процьма марскіх вожыкаў.