Читать «Госць (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Альбер Камю

- А ты? - спытаўся ён.

- Еш. Я зараз таксама буду.

Тоўстыя вусны трошкi растулiлiся, араб вагаўся. Але нарэшце рашуча ўкусiў праснак.

Падсiлкаваўшыся, ён зноў глядзеў на настаўнiка.

- Гэта ты - суддзя?

- Не, ты ў мяне застанешся да заўтра.

- Чаму ты ясi са мной?

- Таму, што галодны.

Араб змоўк. Дару падняўся i выйшаў. Ён прынёс з-пад павецi раскладны ложак, паставiў яго перпендыкулярна да свайго, памiж сталом i грубкай. З вялiзнага чамадана, якi стаяў у куце замест палiцы пад розныя паперы, ён дастаў два прасцiрадлы i паслаў iх на прынесеным ложку. Потым выпрастаўся, адчуў, што цяпер можна адпачыць, i сеў на канапу. Усё было зроблена, усё было падрыхтавана. Заставалася адно: глядзець на араба. I ён глядзеў, намагаючыся ўявiць сабе яго твар у гневе. Яму гэта не ўдавалася. Ён бачыў толькi яго цёмныя i адначасова блiскучыя вочы i вялiкi, нiбыта ў жывёлiны, рот.

- Чаму ты яго забiў? - спытаўся Дару i здзiвiўся варожасцi свайго голасу.

Араб адвёў вочы.

- Ён хацеў уцячы. Я пабег за iм.

Ён зноў зiрнуў на настаўнiка, i ў яго вачах можна было прачытаць нешта накшталт пакутлiвага пытання.

- Што цяпер са мной зробяць?

- Табе страшна?

Араб увесь напружыўся i зноў адвёў вочы.

- Ты шкадуеш, што забiў?

Араб зiрнуў на Дару, разявiўшы рот. Было вiдаць, што ён не разумее. Дару гэта пачынала злаваць. Але разам з тым ён адчуваў сябе неяк няёмка, ненатуральна, зацiснутым сваiм дзябёлым целам памiж двух ложкаў.

- Кладзiся, - нецярплiва сказаў ён. - Гэты ложак табе.

Араб не варухнуўся. Ён гукнуў Дару:

- Скажы...

Настаўнiк зiрнуў на яго.

- Жандар заўтра вернецца?

- Не ведаю.

- А ты пойдзеш з намi?

- Не ведаю. Чаму цябе гэта цiкавiць?

Вязень устаў i лёг проста на прасцiрадлы нагамi да акна. Святло ад лямпачкi бiла яму ў вочы, i ён iх адразу заплюшчыў.

- Чаму цябе гэта цiкавiць? - паўтарыў Дару, устаўшы з ложка.

Араб расплюшчыў вочы i глядзеў на яго, намагаючыся не мiргаць пад яркiм электрычным святлом.

- Хадзем з намi, - сказаў ён.

Была сярэдзiна ночы. Але Дару ўсё яшчэ не спаў. Перад тым як легчы ў ложак, ён цалкам раздзеўся, бо звычайна спаў голы. Аднак калi ён застаўся без вопраткi, яго чамусьцi апанавала нерашучасць. Ён адчуў сябе безабаронным, i яму захацелася адзецца зноў. Урэшце ён толькi пацiснуў плячыма: з iм здаралася ўсякае, i калi спатрэбiцца, ён скруцiць гэтага араба ў абаранак. Ён мог назiраць за iм са свайго ложка i бачыў, як араб па-ранейшаму нерухома ляжыць на спiне i рэзкае святло б'е яму ў заплюшчаныя вочы. Дару патушыў лямпачку, i ўвесь пакой адразу патануў у сляпым чорным змроку. Але патроху ноч зноў ажыла за акном, дзе цiха плыло бяззорнае неба. Хутка настаўнiк разгледзеў распасцёртае побач цела араба. Той па-ранейшаму не варушыўся, але здавалася, што вочы ў яго расплюшчаныя. Лёгкi ветрык гуляў вакол школы. Мабыць, ён разгонiць хмары, i тады зноў вернецца сонца.