Читать «Госць (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Альбер Камю

- Не трэба, - адмовiўся Бальдучы. - Цяпер ужо не варта паказваць сваю ветлiвасць. Ты звяважыў мяне.

Ён зiрнуў на араба, якi нерухома сядзеў на тым самым месцы, сумна ўздыхнуў i павярнуў да дзвярэй. "Бывай, сынку", - сказаў ён. Дзверы грукнулi. Бальдучы прайшоў пад акном i знiк. Снег прыглушаў яго крокi. За перагародкай павецi страпянуўся конь, заквакталi куры. Праз нейкi час Бальдучы зноў прайшоў пад акном, ведучы за лейцы каня. Ён iшоў да стромы i не азiраўся. Неўзабаве ён знiк, потым схаваўся i конь. Было чуваць, як па строме пакацiўся вялiзны камень. Дару вярнуўся да вязня. Той сядзеў па-ранейшаму нерухома, не зводзячы з настаўнiка вачэй. "Чакай", - сказаў Дару па-арабску i рушыў да пакоя. Ужо збiраючыся пераступiць цераз парог, ён перадумаў, вярнуўся да стала, узяў рэвальвер i засунуў яго ў кiшэню. Потым не азiраючыся пайшоў да сябе.

Ён доўга ляжаў на канапе, назiраючы, як неба паступова пачынае цямнець, i прыслухоўваўся да цiшынi. Першыя днi, калi ён прыехаў сюды пасля вайны, яму цяжка было адчуваць гэтую цiшыню. Ён прасiў месца ў маленькiм гарадку каля падножжа спiчастых вяршынь, што аддзялялi пустэльню ад высокiх узгор'яў. Там iшла мяжа з вечным летам, накрэсленая скалiстымi мурамi, зялёнымi i чорнымi з поўначы i ружовымi i бэзавымi з поўдня. Яму далi месца болей на поўнач, на гэтым узгор'i. Спачатку ён цяжка пераносiў самоту i беспрытульнасць гэтых голых абшараў, дзе жылi адны камянi. Барозны часам маглi навесцi на думку, што некаму прыйшло ў галаву займацца тут земляробствам, але разоры рабiлiся толькi дзеля таго, каб нарадзiць у нейкi дзень новы камень, прыдатны на будаўнiцтва. Тут аралi, каб пасля збiраць каменне. Iншы раз, калi ў навакольных лагчынах збiраўся тонкi слой глебы, мясцовыя жыхары саскрабалi яго, каб угноiць зямлю ў чэзлых садках сваiх вёсак. I так было паўсюль, каменне займала тры чвэрткi гэтай краiны. Тут нараджалiся, квiтнелi i потым знiкалi гарады, жылi, любiлi цi ненавiдзелi i ўрэшце памiралi людзi. У гэтай пустэльнi нiхто, нi ён, нi гэты араб не значылi нiчога. I ўсё ж Дару ведаў, што далёка ад гэтых краёў, на чужыне, яны не здолелi б знайсцi сабе людскага жыцця.

Дару ўстаў, з класнага пакоя не даносiлася нiякiх гукаў. Настаўнiк здзiвiўся той шчырай радасцi, якая ахапiла яго пры адной толькi думцы, што араб уцёк, што ён зноў застаўся адзiн i яму нiчога не трэба вырашаць. Але вязень быў на месцы. Ён толькi лёг i выпрастаўся на ўвесь рост памiж печчу i сталом. Ён ляжаў з расплюшчанымi вачыма, утаропiўшы позiрк у столь. У такой паставе яго тоўстыя вусны асаблiва кiдалiся ў вочы i надавалi яму насуплены i незадаволены выгляд. "Хадзi, - паклiкаў Дару. Араб устаў i падаўся за iм. У пакоi настаўнiк паказаў яму на крэсла, што стаяла побач са сталом, каля акна. Араб сеў, па-ранейшаму гледзячы на Дару.

- Есцi хочаш?

- Хачу, - адказаў вязень.

Дару паставiў на стол дзве талеркi, паклаў вiдэльцы. Потым узяў мукi, алею, замясiў у мiсе i запалiў маленькую газавую плiтку. Пакуль праснак пёкся, ён пайшоў пад паветку, прынёс сыру, яек, смокваў i згушчанага малака. Праснак быў гатовы. Ён паклаў яго астыць на падаконнiк i падагрэў разведзенае вадой малако. Разбоўтваючы ў малацэ яйкi, ён выпадкова крануў рэвальвер, якi ляжаў у правай кiшэнi. Тады ён адставiў мiсу, прайшоў у класны пакой i засунуў рэвальвер у шуфляду пiсьмовага стала. Вярнуўшыся, ён заўважыў, што на дварэ пачынае цямнець. Ён запалiў святло i паклаў арабу яечнi. "Еш", - сказаў ён. Той узяў кавалак праснака, хацеў ужо есцi, але не стаў.