Читать «Госць (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Альбер Камю

Пад павеццю, схiлiўшыся над цэментаванай падлогай, араб двума пальцамi чысцiў зубы. Дару паглядзеў на яго i сказаў: "Хадзi". Арыштаваны падыбаў за iм у пакой. Настаўнiк нацягнуў паверх нацельнiка паляўнiчую куртку, надзеў паходныя чаравiкi, выпрастаўся i стаў чакаць, пакуль араб закруцiць свой турбан i прывяжа на ногi шлапакi. Потым яны зайшлi ў клас, i настаўнiк, паказаўшы свайму спадарожнiку на дзверы, сказаў: "Iдзi". Той не варухнуўся. "Я даганю", - сказаў Дару. Араб выйшаў. Дару вярнуўся ў пакой, узяў мяшэчак i паклаў у яго сухароў, смокваў i цукру. Потым на нейкую секунду нерашуча затрымаўся каля пiсьмовага стала, але павярнуўся, пераступiў цераз парог i замкнуў дзверы. "Нам тудой", - сказаў ён арабу i рушыў на ўсход, арыштаваны пайшоў за iм. Але калi яны трошкi адышлiся, настаўнiку здалося, што ззаду пачуўся нейкi шум. Ён вярнуўся да школы i агледзеў усё вакол будынка: нiкога не было. Араб глядзеў на яго i, вiдаць, не разумеў, што здарылася. "Хадзем", сказаў Дару.

Яны iшлi ўжо гадзiну i нарэшце спынiлiся перадыхнуць пад спiчастай вапняковай скалой. Паўсюль хутка раставаў снег, сонца iмгненна высмоктвала лужыны i на вачах падмятала ўзгор'е, якое патроху сохла i пачынала дрыжаць у сонечных промнях, як i само паветра. Калi яны зноў рушылi ў дарогу, зямля звiнела ў iх пад нагамi. Час ад часу, з радасным крыкам разразаючы паветра, перад iмi праляталi птушкi. Дару дыхаў глыбока, набiраючы поўныя грудзi свежых струменяў сонца. Калi ён глядзеў на гэты шырокi, так добра вядомы яму абшар, якi ўжо амаль цалкам жаўцеў пад блакiтным купалам неба, у iм нараджалася нi з чым не параўнанае захапленне. Яны iшлi яшчэ з гадзiну, увесь час спускаючыся на поўдзень, i нарэшце апынулiся на невялiкiм пляскатым пагорку са старых патрушчаных скал. Адсюль узгор'е пачынала спускацца i на ўсходзе пераходзiла ў нiзкую раўнiну з рэдкiмi кволымi дрэўцамi, а на поўднi дыбiлася няўклюдным нагрувашчваннем скал, якiя надавалi краявiду расшкуматаны i здратаваны выгляд.