Читать «Госць (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Альбер Камю

У гэтай занядбанай школе ён жыў амаль як манах, зрэшты, задаволены сваiм суровым жыццём i тым малым, што ў яго было. А цяпер, калi паўсюль была такая галеча, ён наогул адчуў сябе панам, маючы чатыры мураваныя сцяны, вузкую канапу, палiцы з габляваных дошак, студню i штомесячнае забеспячэнне ежай i пiтною вадой. I вось раптам - гэты снег, без папярэджання, без дажджу, са спёкi ў холад. Такая гэта была краiна - жорсткая сама па сабе, нават без тых людзей, што яе насялялi, хоць i з людзьмi было не лягчэй. Але Дару тут нарадзiўся. I ў любым iншым месцы ён адчуваў бы сябе ў выгнаннi.

Ён выйшаў на пляц перад школай. Двое былi ўжо на сярэдзiне схiлу. Ён пазнаў коннiка, гэта быў стары жандар Бальдучы, з якiм настаўнiк даўно быў знаёмы. На доўгай вяроўцы Бальдучы вёў араба, якi iшоў ззаду са звязанымi рукамi, апусцiўшы галаву. Жандар прывiтаўся жэстам, але Дару не адказаў, пiльна прыглядаючыся да незнаёмага. Араб быў апрануты ў доўгi, некалi сiнi халат, на нагах паверх шкарпэтак з грубай нячэсанай воўны былi прывязаныя шлапакi, а галаву абвiнаў вузкi кароткi шматок анучы. Яны рухалiся марудна, Бальдучы прытрымлiваў каня, каб не паранiць араба.

Калi яны наблiзiлiся настолькi, што можна было пачуць словы, Бальдучы крыкнуў: "Цэлую гадзiну ўбiў, каб прайсцi тры кiламетры ад Эль-Амёра!" Дару не адказаў. Ён стаяў, квадратны i каржакаваты ў сваiм вязаным нацельнiку, i глядзеў, як яны падымаюцца па схiле. Араб нi разу не ўзняў галавы. "Прывiтанне, - сказаў Дару, калi яны падышлi да пляца. - Хадзiце пагрэйцеся". Не выпускаючы вяроўкi, Бальдучы марудна злез з каня. Ён усмiхнуўся настаўнiку сваiмi натапыранымi вусамi. Яго маленькiя цёмныя вочкi пад навiслым смуглявым iлбом i пасечаны зморшчынамi рот надавалi яму руплiвы i ўважлiвы выгляд. Дару ўзяў лейцы, завёў каня пад павець i вярнуўся да прышлых, якiя ўжо чакалi яго ў школе. Ён правёў iх у пакой. "Зараз напалю ў класе, - сказаў ён. - Там будзе лацвей". Калi настаўнiк вярнуўся ў пакой, Бальдучы сядзеў на канапе. Ён ужо развязаў вяроўку, на якой прывёў араба, i цяпер той мясцiўся на кукiшках каля грубкi i глядзеў у акно. Рукi ў яго былi па-ранейшаму звязаныя, накручаная на галаву ануча з'ехала на патылiцу. Спачатку Дару ўбачыў толькi яго вялiзныя вусны, тоўстыя i гладкiя, амаль як у мурына, аднак нос быў прамы i вочы блiшчалi, нiбы ў лiхаманцы. З-пад турбана вiдаць быў упарты лоб, i ўвесь яго твар, прапалены сонцам i крыху збялелы на холадзе, выяўляў адначасна трывогу i непакорнасць. Араб павярнуўся i глянуў настаўнiку проста ў вочы. Яго выгляд уразiў Дару. "Iдзiце туды, - сказаў ён, - я зараз зраблю вам гарбаты з мятай". - "Дзякуй, - адказаў Бальдучы. - Ну i работка, лiха яе. Хутчэй бы ўжо пенсiя". I ён звярнуўся па-арабску да арыштанта: "Гэй ты, хадзем". Араб устаў i, трымаючы перад сабой звязаныя кулакi, паволi пайшоў у клас.