Читать «Прымакі» онлайн - страница 2

Янка Купала

З'ява II

Максім, Кацярынка.

К а ц я р ы н к а (адзеўшыся па-святочнаму, у руках кветкі і з кветак вяночак на галаве; убягае у хату, напяваючы).

Ой, чуць, маці, чуць,

Дзе малойцы п'юць!

Вясёлая там вуланька,

Куды яны йдуць.

А знай, маці, знай,

Дачку замуж дай!

Не дай мяне за п'яніцу, –

После ж будзе жаль.

Дачушка мая,

Родная мая,

Шукай сабе, выглядывай –

Яшчэ ж малада!

Матулька мая,

Родная мая!

Я й шукала, выглядала

I ўжо выбрала.

(Круціцца перад люстэркам і прышпільвае да грудзей кветкі.) Ха-ха-ха! Якраз як маладая да шлюбу, сягоння я паднядзелілася! Як убачыць Мацейка, дык ота ж уцешыцца! Ох, і ўмее ж ён абнімацца і цалавацца! А каб было каму? Ці даўно разам у бабкі гулялі і ў поле ганялі, а ўжо – на табе! За дзявочымі спадніцамі так і бегае як падсмалены. I нячысцікяго ведае, адкуль гэта ўсё ў яго бярэцца? Так абніме, так да грудзей прыцісне, ажно неяк млосна-млосненька робіцца. А як пачне цалаваць і цалаваць без канца, дык, даліпантачкі, твар гарыць, проста, як хто яго крапівой высек. Ох, Мацейка, Мацейка! Штосьці зашчыльна ты ка мне прыліпаеш, каб не наварылі гэтак мы з табой якой саладухі. (Максім храпе.) Ай, гэта ж тата на ложку! А я думала, што ўжо пайшоў. Ну, добра, што хоць спіць, як апошняе ў печ усыпаўшы, а то былj б паранкі і мне, і Мацейку за такую маю гутарку. (Далей круціцца перад люстэркам, прымярае, як лепей, вянок і напявае.)