Читать «З"яўленне містэра Кіна» онлайн - страница 10

Агата Кристи

— Што?

— Дэрэк Кейпл падымаецца ў свой пакой, — працягваў містэр Кін, — і там бачыць нешта з акна. Сэр Рычард Конвэй сказаў нам, што яно не было завешанае шторамі і адтуль праглядалася пад’язная алея. Што ён убачыў? Што магло прымусіць яго скончыць жыццё самагубствам?

— Вы пра што? Што ён мог убачыць?

— Думаю, ён убачыў паліцэйскага, — сказаў містэр Кін. — Паліцэйскага, які прывёў сабаку. Але гэтага Дэрэк Кейпл не ведаў, ён проста ўбачыў паліцэйскага.

Павісла доўгая цішыня — усе нібыта спрабавалі прывесці думкі ў парадак.

— Божа мой! — прашаптаў урэшце Іўшэм. — Няўжо вы пра гэта? Эплтан? Але калі Эплтан памёр, яго там не было… Стары быў адзін са сваёй жонкай…

— Але ён мог быць там за тыдзень да таго. Стрыхнін, калі толькі ён не ў форме гідрахларыду, вельмі кепска распускаецца. Калі яго пакласці ў партвейн, ён апусціцца на дно і трапіць толькі ў апошнюю шклянку — магчыма, акурат праз тыдзень пасля ад’езду Кейпла.

Портал рвануўся наперад. Яго голас ахрып, а вочы наліліся крывёй.

— Тады навошта яна разбіла графін? — закрычаў ён. — Навошта яна разбіла графін?! Скажыце ж, навошта?!

Першы раз за ўвесь вечар містэр Кін звярнуўся да містэра Сатэртуэйта:

— У вас багаты жыццёвы досвед, містэр Сатэртуэйт. Можа, вы ведаеце, навошта?

Голас містэра Сатэртуэйта злёгку задрыжаў. Вось і час для ягонай рэплікі. Ён павінен сказаць некалькі самых важных у гэтай п’есе словаў. Цяпер ён быў не назіральнікам — акторам.

— Як я разумею, — сціпла прамармытаў ён, — яна хвалявалася за Дэрэка Кейпла. Думаю, яна была добрай жанчынай і папрасіла яго сысці. Калі яе муж памёр, яна нешта западозрыла і, каб уратаваць чалавека, якога кахала, паспрабавала знішчыць магчымы доказ яго віны. Пазней, відаць, ён упэўніў яе, што падазрэнні былі беспадстаўнымі, і яна пагадзілася выйсці за яго замуж. Але з вяселлем марудзіла: жанчыны, здаецца мне, маюць добрую інтуіцыю.

Містэр Сатэртуэйт выканаў сваю ролю. Раптам пачуўся доўгі трымтлівы ўздых.

— Божа мой! — усклікнуў Іўшэм, ускокваючы. — Што гэта?

Містэр Сатэртуэйт мог бы яму патлумачыць, што ў галерэі наверсе хаваецца Элеанор Портал, але ён быў занадта добрым акторам, каб сапсаваць такое моцнае ўражанне.

Містэр Кін усміхнуўся.

— Думаю, мая машына ўжо гатовая. Дзякуй за гасціннасць, містэр Іўшэм. Спадзяюся, я хоць штосьці зрабіў для свайго сябра.

Усе глядзелі на яго ў нямым здзіўленні.

— Вы не задумваліся пра гэты бок справы? Вы ж ведаеце, ён кахаў гэтую жанчыну. Кахаў настолькі, што пайшоў дзеля яе на злачынства. Калі настаў час, як ён памылкова падумаў, адплаты, ён застрэліўся. Але, насуперак яго жаданню, расплачвацца давялося ёй.

— Але яе апраўдалі, — прамармытаў Іўшэм.

— Бо яе віна не была даказаная. І мне здаецца — хаця, магчыма, тут я памыляюся, — што яна расплачваецца дагэтуль.