Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Антуан Сент-Экзюпери

I вось - мая першая ноч сярод бязмежных пяскоў пустынi, дзе на тысячы мiль наўкол - нiводнага селiшча. Чалавек, якi пасля караблекрушэння ўсё-такi ацалеў дзесьцi на плыце ў бязмежным акiяне, i той быў не такi адзiнокi. Дык уявiце сабе маё здзiўленне, калi на досвiтку мяне пабудзiў нечы тоненькi галасок:

- Калi ласка... намалюй мне баранчыка!

- Га!

- Намалюй мне баранчыка...

Я ўскочыў на ногi, нiбы нада мной грымнуў гром. Працёр вочы. Агледзеўся. I ўбачыў незвычайнага малыша, якi сур'ёзна разглядваў мяне. Яго партрэт я намаляваў пазней. Канечне, на маiм малюнку ён не такi прывабны, як на самой справе. Але гэта не мая вiна. Калi мне было шэсць гадоў, дарослыя пераканалi мяне, што мастака з мяне не атрымаецца, таму я так нiчога i не навучыўся маляваць, акрамя ўдаваў - звонку i знутры.

Я на ўсё вочы глядзеў на гэты прывiд. Не забывайце, што я быў за тысячы мiль ад людскiх селiшчаў. Гэты ж малыш не быў нi разгублены, нi смяротна стомлены, нi смятротна галодны, ён не памiраў нi ад смагi, нi ад страху. Ён нiчым не нагадваў дзiцяцi, якое заблудзiлася ў пустынi, за тысячы мiль ад чалавечага селiшча. Нарэшце мова вярнулася да мяне i я спытаў:

- Але... што ты тут робiш?

Ён не адказаў на маё пытанне, а толькi зноў цiха-цiха i надзвычай сур'ёзна папрасiў:

- Калi ласка, намалюй баранчыка...

Калi нешта цябе надта ўражвае, не паслухацца нельга. Якой бы недарэчнасцю нi здавалася мне гэта, але тут, за тысячы мiль ад людскога селiшча, перад смяротнай небяспекай, я дастаў з кiшэнi аркуш паперы i аўтаручку. Толькi раптам я ўзгадаў, што вывучаў у асноўным геаграфiю, гiсторыю, арыфметыку ды правапiс, i трошкi незадаволена сказаў малышу, што я не ўмею маляваць.

- Усё роўна, - адказаў ён. - Намалюй баранчыка.

Але я ж нiколi не маляваў баранчыкаў! Я падаў яму адзiн з двух малюнкаў, на якiя быў здольны. Той, на якiм удаў у агульным выглядзе. Як жа быў я ўражаны, калi пачуў адказ малыша:

- Не-не! Я не хачу слана ва ўдаве! Удаў вельмi небяспечны, а слон вельмi грузны. А ў мяне дома ўсё такое невялiчкае. Мне патрэбен баранчык. Намалюй баранчыка.

I я намаляваў.

Ён паглядзеў на малюнак i сказаў:

- Не, гэты баранчык вельмi ўжо хворы. Намалюй другога.

Я намаляваў. Мой новы сябар хораша, паблажлiва ўсмiхнуўся:

- Ты ж сам бачыш... гэта не баранчык, а баран. З рагамi...

Я зноў перарабiў малюнак. Але i гэты быў адхiлены, як папярэднiя.

- Гэты надта стары. Я хачу такога баранчыка, якi жыў бы доўга-доўга.

Тады, трацячы цярпенне, - мне ж трэба было хутчэй разбiраць матор, - я накрэмзаў.

- Гэта скрынка, - раздражнёна буркнуў я. - А ў ёй сядзiць твой баранчык.

Як жа я быў здзiўлены, калi нечакана мой юны суддзя ўвесь аж засвяцiўся ад радасцi:

- Вось гэткага мне i трэба! Як ты думаеш, яму спатрэбiцца шмат травы?

- А што?

- У мяне яе мала...

- Напэўна, хопiць. Я даю табе зусiм маленькага баранчыка.

Ён схiлiўся над малюнкам.