Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Антуан Сент-Экзюпери

I на гэты раз дапамог баранчык. Маленькi прынц разглядваў малюнак i раптам, нiбы яго апанавала цяжкае сумненне, спытаў:

- А праўда, што баранчыкi ядуць кустоўе?

- Так, праўда.

- Цудоўна!

Я не зразумеў, чаму так важна, што баранчыкi ядуць кустоўе. Але маленькi прынц дадаў:

- Выходзiць, яны i баабабы таксама ядуць?

Я заўважыў Маленькаму прынцу, што баабабы не кустоўе, а вялiзныя, як званiцы, дрэвы, i што нават калi б ён узяў з сабою цэлы статак сланоў, гэты статак не адолеў бы i аднаго-адзiнага баабаба.

Думка пра статак сланоў насмяшыла Маленькага прынца.

- Iх давялося б паставiць адзiн на аднаго...

Але тут жа ён мудра заўважыў:

- I баабабы, перш чым вырастуць, бываюць маленькiя.

- Сапраўды! Але навошта баранчыку есцi маленькiя баабабы?

- А то як жа! - усклiкнуў ён, нiбыта гаворка iшла пра нешта выключна вiдочнае. I мне прыйшлйся напружыць свой розум, каб самастойна зразумець, што тут да чаго.

На планеце Маленькага прынца, як i на ўсiх iншых планетах, растуць, вядома, i добрыя, i кепскiя раслiны. А значыць, ёсць там добрае насенне добрых раслiн i кепскае насенне кепскiх раслiн. Але насенне нябачнае. Яно дрэмле сабе ў глебе, пакуль якая-небудзь насеннiнка раптам не прачнецца. Яна пачне пацягвацца i спачатку нясмела вытыркне да сонца кволенькi безабаронны парастак. Калi гэта парастак радысу цi ружы, можна дазволiць яму расцi колькi зможа. Але калi прарастае кепская раслiна, яе трэба адразу ж вырваць, як толькi распазнаеш. Дык вось, на цланеце Маленькага прынца ёсць страшнае насенне... насенне баабабаў. Глеба планеты проста перапоўнена iм. Ад баабаба ж, калi спахапiцца надта позна, ужо нiколi не збавiшся. Ён запалонiць усю планету. Навылёт прасвiдруе яе сваiм карэннем. I калi планета зусiм невялiчкая, а баабабаў надта многа, то яны проста разарвуць яе на кавалачкi.

- Ёсць такое правiла, - сказаў мне пазней Маленькi прынц. - Устаў наранку, умыўся, прывёў сябе ў парадак - зараз жа прывядзi ў парадак i сваю планету. Трэба штодня выполваць баабабы, як толькi можна адрознiць iх ад ружавых кустоў, якiя яны вельмi нагадваюць напачатку. Гэта даволi надакучлiвая, але няцяжкая работа.

I аднойчы ён параiў мне пастарацца зрабiць прыгожы малюнак, каб i нашы дзецi гэта добра зразумелi.

- Можа, iм надарыцца калi-небудзь падарожнiчаць, - растлумачыў ён, - дык гэта спатрэбiцца. Часам работу можна адкласцi i на потым, бяды вялiкай не будзе. Але калi дасi волю баабабам, то ўжо нiдзе ратунку не знойдзеш. Я ведаў адну планету, на ёй жыў гультай. Ён не выпалаў тры кусцiкi i...

I па словах Маленькага прынца я намаляваў тую планету. Я страшэнна не люблю павучаць людзей. Але небяспека ад баабабаў так мала спазнана, а рызыка таго, хто трапiў бы на астэроiд, такая сур'ёзная, што сёння я адкiдаю сваю стрыманасць i папярэджваю:

- Дзецi! Сцеражыцеся баабабаў!

Толькi каб папярэдзiць сваiх сяброў пра небяспеку, якая даўно падпiльноўвае iх, а яны i не здагадваюцца пра яе, як не здагадваўся раней i я, так шчыраваў я над малюнкам. I не шкадую аб гэтым.