Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Антуан Сент-Экзюпери

- От смешна! Днi доўжацца ўсяго хвiлiну!

- I зусiм не смешна, - запярэчыў лiхтаршчык. - Мы ўжо цэлы месяц размаўляем з табой.

- Месяц?!

- Канечне. Трыццаць хвiлiн. Трыццаць дзён! Добры вечар!

I ён зноў запалiў лiхтар.

Маленькi прынц з любоўю глядзеў на лiхтаршчыка, якi быў так шчыра верны ўгавору. На памяць прыйшло, як ён калiсьцi перастаўляў з месца на месца крэсла, каб лiшнi раз паглядзець на захад сонца... I яму захацелася памагчы сябру.

- Паслухай... я ведаю, як ты можаш адпачыць, калi захочаш...

- Я ўжо даўно, хачу, - сказаў лiхтаршчык.

Можна ж быць i верным слову i адначасова лянiўцам.

Маленькi прынц гаварыў далей:

- Твая планета настолькi маленькая, што ты трыма крокамi абыдзеш яе ўсю. I табе проста трэба iсцi з такой хуткасцю, каб увесь час быць на сонцы. Захочацца адпачыць - дык ты iдзi, iдзi... I дзень будзе працягвацца столькi, колькi захочаш.

- Ну, ад гэтага мне толку мала, - сказаў лiхтаршчык. - Больш за ўсё на свеце я люблю спаць.

- Тады дрэнна, - цяжка ўздыхнуў Маленькi прынц.

- Дрэнна, - згадзiўся лiхтаршчык. - Добры дзень.

I патушыў лiхтар.

"Гэтым чалавекам, - ужо зноў у дарозе падумаў Маленькi прынц, - гэтым чалавекам пагарджалi б усе астатнiя: i кароль, i славалюб, i п'янiца, i дзялок. А па-мойму, ён адзiны з iх усiх, хто не смешны. Мабыць таму, што думае не толькi пра сябе".

Ён з жалем уздыхнуў i падумаў яшчэ:

"Бадай, адзiны чалавек, з кiм я мог бы пасябраваць. Але яго планета сапраўды надта маленькая. На двух не хопiць месца".

Маленькi прынц нават сабе не асмелiўся прызнацца, што яму шкада было пакiдаць гэтую блаславёную планету больш за ўсё з-за тысячы чатырохсот сарака захадаў сонца!

ХV

Шостая планета была ў дзесяць разоў большая за папярэднюю. На ёй жыў дзядуля, якi пiсаў таўшчэзныя кнiгi.

- Эге! А вось i падарожнiк! - узрадаваўся ён, калi заўважыў Маленькага прынца.

Маленькi прынц сёў на стол, каб аддыхацца. Ён ужо так здарожыўся!

- Адкуль ты? - спытаў яго дзядуля.

- Што гэта за кнiга, такая тоўстая? - пацiкавiўся Маленькi прынц. - Што вы тут робiце?

- Я географ, - адказаў стары.

- А што такое - географ?

- Гэта вучоны, якi ведае, дзе знаходзяцца моры, рэкi, гарады, горы i пустынi.

- От цiкава! - адразу ажывiўся Маленькi прынц. - Вось нарэшце сапраўдны занятак!

I ён акiнуў вачыма планету географа. Нiколi яшчэ ён не бачыў такой велiчнай планеты.

- У вас вельмi прыгожая планета. Тут ёсць акiяны?

- Не магу гэтага ведаць, - адказаў географ.

- Ну-у... - Маленькi прынц быў расчараваны. - А горы?

- Не магу гэтага ведаць, - адказаў географ.

- Але ж вы географ!

- Правiльна, - адказаў географ, - але не падарожнiк. Мне так не хапае падарожнiкаў. Геаграфiя не займаецца падлiкам гарадоў, рэк, гор, мораў, акiянаў i пустынь. Географ - надта важная асоба, географу няма часу на пагулянкi. Ён не выходзiць са свайго кабiнета i толькi прымае падарожнiкаў. Падарожнiкi расказваюць пра свае вандраваннi, а географ запiсвае пачутыя навiны. Калi якое-небудзь паведамленне выклiкае iнтарэс, географ наводзiць даведкi, цi прыстойны чалавек гэты падарожнiк.

- Гэта навошта ж?