Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Антуан Сент-Экзюпери

- Ну безумоўна! Калi ты знойдзеш дыямант, якi нiкому не належыць, ён твой. Калi ты знойдзеш востраў, якi нiкому не належыць, ён твой. Калi ў цябе першага ўзнiкла iдэя, ты бярэш на яе патэнт: яна твая.

- I то праўда, - згадзiўся Маленькi прынц. - I што ты з iмi робiш?

- Проста распараджаюся iмi. Лiчу i пералiчваю, - адказаў дзялок. - Цяжкая работа. Але я чалавек сур'ёзны.

Маленькi прынц усё яшчэ не быў задаволены.

- Калi ў мяне ёсць шалiк, я магу закруцiць яго на шыю i ўзяць з сабой. Калi ў мяне ёсць кветка, я магу сарваць яе i ўзяць з сабой. А ты ж не можаш пазбiраць зоркi!

- Не, але я магу пакласцi iх у банк.

- Як гэта?

- А так: пiшу на паперчыне, колькi ў мяне зорак. Потым кладу гэтую паперчыну ў шафу i замыкаю яе на ключ.

- I ўсё?

- Гэтага дастаткова!

"Займальна, - падумаў Маленькi прынц. - I досыць паэтычна. Але не так ужо гэта i сур'ёзна".

Што сур'ёзна, а што не сур'ёзна - Маленькi прынц разумеў па-свойму, зусiм не так, як дарослыя.

- У мяне ёсць кветка, - сказаў ён. - I я штодня палiваю яе. У мяне ёсць тры вулканы, i я штодня чышчу iх. Чышчу нават той, якi даўно патух. Да прыгоды не тры годы! Гэта карысна маiм вулканам, гэта карысна маёй кветцы, каб я валодаў iмi. А якая карысць ад цябе зоркам?..

Дзялок разявiў рот, але не знайшоў, што адказаць, i Маленькi прынц пайшоў далей.

"Дарослыя сапраўды проста звышнезвычайныя людзi", - падумаў ён дарогаю.

ХIV

Пятая планета была надзвычай цiкавая. Яна аказалася найменшай з усiх. Там хапала месца толькi для вулiчнага лiхтара i лiхтаршчыка. Маленькi прынц нiяк не мог дацямiць, навошта патрэбен быў у небе, на бязлюднай, пустой планеце, вулiчны лiхтар i лiхтаршчык. Аднак ён падумаў:

"Можа, гэты чалавек не ў сваiм розуме? I ўсё ж ён не такi дурны, як кароль, славалюб, дзялок i п'янiца. У яго рабоце ёсць хоць нейкi сэнс. Калi ён запальвае свой лiхтар - дык нiбыта нараджаецца яшчэ адна зорка цi кветка. Калi гасiць яго - дык нiбы зорка цi кветка засынаюць. Цудоўны занятак. Гэта сапраўды карысна, таму што прыгожа".

Прынц ступiў на планету i з павагай павiтаўся з лiхтаршчыкам.

- Дзень добры. Навошта ты зараз патушыў свой лiхтар?

- Такi ўгавор, - адказаў лiхтаршчык. - Добры дзень.

- Якi ўгавор?

- Патушыць лiхтар. Добры вечар.

I ён запалiў яго.

- Тады навошта ж ты зноў запалiў яго?

- Такi ўгавор, - адказаў лiхтаршчык.

- Нiчога не разумею, - пацiснуў плячыма Маленькi прынц.

- А тут i разумець няма чаго, - сказаў лiхтаршчык, - угавор ёсць угавор. Добры дзень.

I патушыў лiхтар.

Потым выцер успацелы лоб чырвонай клятчастай насоўкай i сказаў:

- Цяжкае ў мяне рамяство. Колiсь гэта было разумна. Уранку я тушыў свой лiхтар, а ўвечары запальваў. I рэштка дня заставалася ў мяне, каб адпачыць, а рэштка ночы - каб выспацца...

- А што, з тае пары ўгавор змянiўся?

- Угавор якраз i не змянiўся, - уздыхнуў лiхтаршчык. - У гэтым уся бяда. Планета з году ў год абарочваецца ўсё хутчэй, а ўгавор застаецца нязменным!

- Ну i?.. - цiкавiўся Маленькi прынц.

- Ну i цяпер, калi яна робiць адзiн абарот за хвiлiну, у мяне не стала нi секунды пярэдыху. Штохвiлiны то запальвай, то гасi!