Читать «Маленькi прынц (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Антуан Сент-Экзюпери

- П'ю, - змрочна адказаў п'янiца.

- А навошта? - пацiкавiўся Маленькi прынц.

- Каб забыць, - адказаў п'янiца.

- Пра што забыць - дапытваўся Маленькi прынц, якому стала шкада бедалагу.

- Каб забыць, што мне сорамна, - прызнаўся п'янiца i апусцiў галаву.

- Сорамна чаго? - не ўгамоньваўся Маленькi прынц, якi прагнуў дапамагчы яму.

- Сорамна пiць! - адрэзаў п'янiца i канчаткова панурыўся ў маўчаннi.

I збянтэжаны Маленькi прынц рушыў далей. "Дарослыя, бясспрэчна, вельмi, вельмi дзiўныя людзi", - думаў ён дарогаю.

ХIII

Чацвёртая планета належала дзелавому чалавеку. Гэты чалавек быў настолькi заняты, што нават не падняў галавы, калi падышоў Маленькi прынц.

- Добры дзень, - павiтаўся Маленькi прынц. - Ваша цыгарэта патухла.

- Тры ды два - пяць. Пяць ды сем - дванаццаць. Дванаццаць ды тры пятнаццаць. Добры дзень. Пятнаццаць ды сем - дваццаць два. Дваццаць два ды шэсць - дваццаць восем. Няма часу прыкурыць. Дваццаць шэсць ды пяць - трыццаць адзiн. Уф! Такiм чынам, усяго будзе пяцьсот адзiн мiльён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адзiн.

- Пяцьсот мiльёнаў чаго?

- Га? Ты яшчэ тут? Пяцьсот мiльёнаў... забыўся... далей... Столькi работы, столькi работы! Я чалавек сур'ёзны, зразумела? Тут не да балбатнi. Два ды пяць - сем...

- Пяцьсот мiльёнаў чаго? - паўтарыў Маленькi прынц, якi нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне.

Дзелавы чалавек падняў галаву:

- За пяцьдзесят чатыры гады, што я жыву на гэтай планеце, мне перашкаджалi толькi тройчы. Упершыню гэта здарылася дваццаць два гады назад, калi немаведама адкуль сюды занесла хрушча. Ён так жахлiва бзымкаў, што я ажно чатыры памылкi ўпароў у лiчэннi. Другi раз, адзiнаццаць гадоў таму, у мяне быў прыступ рэўматызму. Нiчога дзiўнага, увесь час сяджу. Тут не да пагулянак. Я чалавек сур'ёзны. Трэцi раз... сёння? Ну, годзе, я, значыць, сказаў, пяцьсот мiльёнаў...

- Мiльёнаў чаго?

Дзелавы чалавек зразумеў - няма нiякай надзеi, што яго пакiнуць у спакоi.

- Мiльёнаў гэтых дробненькiх штучак, якiя часам вiдны ў паветры.

- Мух?

- Ды не, дробненькiя такiя, зiхоткiя...

- Пчолы?

- Ды не. Дробненькiя такiя, залатыя... На iх яшчэ любяць глядзець ды марыць розныя лайдакi. Але я - чалавек сур'ёзны! У мяне няма часу на мары.

- А! Зоркi?

- Во-во. Зоркi.

- I што ты робiш з пяццюстамi мiльёнамi зорак?

- Пяцьсот адзiн мiльён шэсцьсот дваццаць дзве тысячы семсот трыццаць адна. Я чалавек сур'ёзны i люблю дакладнасць.

- I што ты робiш з гэтымi зоркамi?

- Што я з iмi раблю?

- Але.

- Нiчога не раблю. Я iмi валодаю.

- Валодаеш зоркамi?

- Так.

- Але я ўжо бачыў аднаго караля, якi...

- Каралi не валодаюць. Яны толькi "пануюць над". Вялiкая рознiца.

- I што табе з гэтага валодання зоркамi?

- Яно прыносiць мне багацце.

- А нашто табе быць багатым?

- Каб купляць iншыя зоркi, калi хто-небудзь iх адкрые.

"Ён разважае амаль так, як той п'янiца", - падумаў Маленькi прынц.

- А як можна валодаць зоркамi?

- Зоркi чые? - нездаволена запытаўся дзялок.

- Не ведаю. Нiчые.

- Значыць, яны мае, раз я першы дадумаўся да гэтага!

- I гэтага дастаткова?