Читать «Нераток» онлайн - страница 13

Неизвестно

Што зробіш? Паўлючыха сказала, што адолеем. Ну, то адолеем!

Што далей? А нічога асаблівага, можна лічыць, і не здарылася. П’янага Мітттку Корыча Пераплут з панталыку збіў, Зюзя асіліў і Карачуну для канчатковага афармлення перадаў. Ніхто і не заўважыў, што падзеўся некуды чалавек - каму ён патрэбны, ашавурак? А сябрук аднарукі Віцька Шуляк, Душман, тыдзень у п’янай несвядомасці знаходзіўся. Толькі ўвесну і знайшлі Мішку, як снег пачаў сыходзіць - сабака наткнуўся, завыў. Што і як далей было - цяжка сказаць, аднак той ляснік, што Мішку знайшоў, у хуткім часе засіліўся, а ў кішэні яго кіцеля ляжаў залаты пярсцёнак, пра які нават жонка не ведала.

Гальку падатковая інспекцыя ў Дзежын выклікала. І так штрафанулі! Дайшло да Галькі, што прасцей у агародзе рачкаваць і не высоўвацца, чым гандаль весці. Прыціхла, але ненадоўга, вядома - кулацкая ўнучка!

У Сакаліхі зноў карова захварэла - зарэзаць давялося. Дык бабка для перастрахоўкі ад будучых магчымых непрыемнасцей хатку Паўлючышыну спаліла. Адно што печ трэснутая з паловай коміна - чорнай зданню - ды шкілет ложка жалезнага бур’яном зарастае. І ад чортавых варот толькі бетонная шулка засталася. А чаму ж хатцы і не гарэць? - спарахнела даўно! Прыязджала дачка з Паўлючыхі, перажывала, што спадчыны няма. Хоць бы брусы ацалелыя каму на лазеньку прадаць - і то якая-ніякая капейка. А так - толькі на білет грошы змарнавала! Пенсію апошнюю Марфы Цімафееўны ёй, праўда, у Рудні выдалі - нават у пашпарт не зазірнулі. І грошы невялікія з ашчаднай кніжкі. Ну як “невялікія”? - гэта па якім часе глядзець!

Нічога не прысудзілі Сакалісе-падпальшчыцы - па такіх гадах няма магчымасці ў турмах нашых утрымліваць, лепш забіць адразу. Ды і як дакажаш, што спаліла, калі сама не прызналася і сведкаў няма? А што ад чубатчыных пёркаў смурод на пажарышчы стаяў - на тое следчыя ад вялікага розуму ўвагі не звярнулі. А вёска чужынцам лішняга не скажа. Карацей, з чым прыехалі, з тым і з’ехалі.

Папялішча, дзе хатка стаяла, п’яніцы і цяпер абыходзяць. І новы электрычны слуп крокаў на дзесяць аддалілі ад таго месца, дзе “чортавы вароты” былі.

На пачатку лета з Рудні ў Закуцце дарогу будаваць паспрабавалі. Але толькі ў лес паглыбіліся - на тым і работа скончылася: то каток зламаецца, то падшыпнік паляціць, то рабочыя перап’юцца. А брыгаду ж набіралі з усёй вобласці і грошы немалыя давалі. На Сёмуху Пярун маланкай трактар спаліў - нават трактарыст выскачыць не паспеў. Пасля таго закінулі будаўніцтва - і на план плюнулі. Хоць каштарыс выбралі да драбніцы - ляманту было на ўсю рэспубліку, нават кагосьці з мяккага крэсла ў менш камфортнае вытурылі. А на Іллю дажджы-драбнасеі паліліся, размыла ўсё - стаіць той трактар згарэлы да гэтай пары, іржа яго есць.

А дарогі як не было, так і няма.

Туркаў запрасіце - тыя пабудуюць!

АЛЬГЕМОНЫ

БІЯЛАГІЧНАЯ ФАНТАЗІЯ

Чалавечы мозг неаб’ектыўны, часам - вольны. І вока - не аб’ектыў. Навошта ж баяцца адбіткаў падсвядомасці ў рэчаіснасці? Ніхтож не баіцца іху сне! Калі прачнецца...