Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 3

Уладзімір Караткевіч

І ад жаху, а можа, і па волі Божай, які ўсё гэта наслаў, людзі ў той год нядужалі. Нат не піўшы, уставалі ўранні з галавою, як кадоўбец, з рукамі, нібы бяскостнымі. І пацелі ўначы, і ў грудзях іхніх ціснула і раўло, а ў некаторых валасы лезлі. І надзіва мала ў той год нарадзілася дзяцей, можа, таму, што быў голад і пошасць, а можа, па волі Божай, каб не пакутавалі бязвінныя.

Не толькі людзям, а і звярам, і гадам, і пачварам падводным даводзілася ў той год цяжка. Якраз тады выдахлі ў Сенненскіх азёрах цмокі, пра якіх пісаў яшчэ прападобны Амбражэй Куцеянскі; якіх цмокаў ён калісьці закляў і загнаў у возера, каб не палохалі людзей. Вальнадумцы і ерэтыкі казалі, што ўсё гэта байкі, бо ніхто тых цмокаў, акрамя п'янюг начных, не бачыў. Што ж, і п'янюгам трэба верыць. Які гэта цвярозы богабаязны чалавек палезе ўначы на лясное возера з дрэннаю славай?!

І яшчэ казалі вальнадумцы, што каб цмокі былі — яны б народ хапалі, лапалі. І гэта ерась! Па-першае, прападобны Амбражэй тых цмокаў закляў, а па-другое, забылі яны, што ніколі ў тыя часы не аддавала Лепельскае возера трупаў.

А ў той год і вальнадумцы ахнулі. Праўду казаў прападобны. За адну ноч на водмелях тых яшчураў, тых цмокаў знайшлі сорак, ды палова таго хісталася на фалях, як плаваючыя выспы. Ды другой раніцай знайшлі яшчэ трохі менш паловы таго, што выдахла ў першую ноч.

А яшчэ праз ноч усплыў самы вялікі. Адзін.

Смаллянскі лекар з тамтэйшага замка літасцівай нашае каралевы Боны, дачуўшыся, паскакаў на тое возера, каб таго дзікага і страхавобразнага звера ўбачыць. Мала яму было, архінявернаму схізмату, што гаспадыня ягоная ледзь яго ўратавала ад вогнішча, бо ён трупы выкопваў і трыбушыў іх так, што і Пётр-апостал іх потым не пазнаў бы. І, магчыма, шмат людзей такім чынам у рай не трапілі. Мала, відаць, калі ўсё ж паехаў і, нягледзячы на страшэнны смурод, звяроў-цмокаў тых агледзеў ды запісаў, цешачы марную і бескарысную сваю цікаўнасць.

Бо гэта толькі таму і трэба было, каб ведалі ўсе, якіх цмокаў закляў прападобны Амбражэй. І калі хто хоча ведаць, я к і х, тым я, на хвілінку ў лекарскія запісы заглянуўшы, цмока таго апішу, каб ведалі веліч нашай мудрай царквы, хай вечна будзе з ёю Пан Бог.

Выглядам той цмок быў, як звер фока*, такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэйшы за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх** сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць два дзюймы.

* Цюлень.

** Лагойскіх.

Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані.

І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо — з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга.