Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 2

Уладзімір Караткевіч

Але першыя два, кнігі свае ратуючы, дзеля страху іудзейска, аб Гародні нібы і не помняць; рабунак Цудатворнай з Вільні ў Частагоў адносяць; злодзеем адным яго робяць, жартам шалберскім* усё паказваюць, гішторыяй круцельскай. А астатнія, калі і гавораць аб бунце і вялікай гародзенскай разні, то, ведаючы мала, радкамі двума, ад адной літары чырвонай да другой: «Хрыстос той рачоны горад узяў і людзей пабіў, але потым…» І, яшчэ словы два сказаўшы, гавораць потым, як карова ў ратмана** на лёдзе нагу зламала і што сена дужа ў гэтым годзе дарагое было. Патрэбнае хіба свінням непатрэбным сена?!

* Махлярскім. (Тут і далей заўвагі аўтара.)

** Радца.

Як збіраюцца прылічваць кагосьці да ліку святых — спамінаюць, ці стварыў ён да скону хаця бы два цуды. І «адвакат д'ябла»* тыя цуды пытае сумненнем, спрабуе давесці, што былі гэта не цуды, а якіясь чары і гуслі і блуд лотраўскі**, і доказаў патрабуе, што дзівы гэтыя былі.

* Удзельнік абраду кананізацыі.

** Круцельскі.

У яго, у Юрася Братчыка, цудаў было больш. І галоўнае цуда — мёртвыя ўсталі, калі прыйшоў ён.

І таму аблудам гэтым, чарнакніжнікам, давялося б вырашаць і выракаць пытанне аб другім прышэсці сына Божага на зямлю, а гэта цяжэй, чым кілка там дурняў у святыя запісаць.

Маўчаць яны. Маўчаць і кнігачэі. Хто ведае — той сказаць не можа ці не хоча. Хто можа сказаць — той не ведае.

А мы можам. Мы ведаем. Мы хадзілі з ім. І старыя мы ўжо. Няма чаго нам, як кату ля гарачага сала, хадзіць. І сала нам непатрэбнае, і лазіна нястрашная. Дый раней мы пісалі. Толькі тое рукапісанне знікла, пакралі яго.

І мы б з адвакатам д'ябла згодныя былі. Не было цудаў. І былі цуды. І не быў ён Бог, а быў чалавек. Але для нас, чалавекаў, нават для тых, што ведалі яго, быў ён — Бог.

І замыслілі мы пакінуць праўду. Можа, яна дойдзе, калі пачнуць кананізаваць не ў святыя, а ў Людзі. То й хай будзе праўда.

Аман!

РАЗДЗЕЛ І ПАДЗЕННЕ АГНЯВОГА ЗМІЯ

Раздзерлася напалам неба, і ў агні з'явіўся Ён. І быў Ён выглядам чалавек, і ўвесь у агні, і такі непадобны да нас, што мы ў жаху ўцяклі.

«Легенда Карычных астравоў»

Будуць вялікія землятрусы па месцах, і глады, і пошасці, і жахлівыя з'явы, і вялікія знакі з неба.

Лука,гл.21, ст.11

«…Год той быў страшны год. І дурному было ясна, што абяцае ён сатанінскія вялікія беды. Па ўсёй зямлі беларускай чынілася такое, чаго ні раней, ні потым не бачылі нават відалыя людзі.

З самага пачатку года і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў, а ветру наступнага дня не было. І высокія аблокі ўначы свяціліся срэбрам, і слупы агнявыя ўзімку гулялі ў небе, нібы гэта ў самаедскіх праклятых землях, а не ў нас. Хто хадзіў з таварамі ў Любку*, Брэмен ці Рыгу, а адтуль морам на Стыкольню**, Хрысціянію, ангельскія землі і на поўдзень ад іх, як то ў заводзе было, казалі: коннік на «маці мора»*** скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема, туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол****, як то належыць.

* Любек.

** Стакгольм.

*** Компас.

**** Палярная зорка.

Паразбівалася ў той год караблёў — Божа ты мой! Як ніколі датуль.