Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 2

Юры Станкевіч

— Можна падумаць, што ты ўсё гэта зведаў…

— Вядома, я не ўсё там бачыў, але мне хапіла для высноў і таго часу, калі аднойчы з’ездзіў туды на заробкі.

Але дзяўчына толькі іранічна ўсміхнулася і сказала:

— Нават, калі і так. Я сама вырашыла, па якім шляху пакрочу. Можа, мне пашанцуе, а можа, і не. Але ж вярнуцца сюды я заўсёды здолею. І тым больш жыць так, як жывеш ты.

Зміцер убачыў тады ў яе вачах лёгкі дамесак пагарды. Гэта была нібы пагарда буравесніка да хатняй птушкі, якая выбрала жыццё ў цішыні і спакоі. Дый хіба ён — хатняя птушка. Але ж не збіраўся тлумачыць дзяўчыне, што жыццё занадта кароткае, што сам за які год-два пражыў яго столькі, колькі б ёй хапіла на трыццаць, і што галоўнае ў жыцці, магчыма, толькі душэўны спакой.

Зміцер прамаўчаў — урэшце, маладосць спасцігае вопыт і веды не са слоў старэйшых, а наступаючы на ўласныя граблі — толькі спытаў:

— У цябе ёсць там знаёмыя, сваякі, да каго можна звярнуцца на першым часе? Ты прыглядзела сабе якую работу на пачатак?

— У Інтэрнеце я знайшла некалькі вакансій, — адказала стрыечніца Аня. — Запісалася на субяседаванні. Там лёгка знайсці месца ў гандлі, афіцыянткі, але я ўпэўнена, што ўладкуюся па сваім профілі. Да таго ж веру ў добрых людзей. Як прыеду, зніму пакойчык у ведамасным інтэрнаце — для якіх медыкаў, рыбакоў. Звярнуся проста да каменданта.

— Магчыма, ты сапраўды вельмі таленавітая, — заўважыў ён тады не без іроніі, — але ж таленты павінны належаць сваёй краіне, там, дзе выспелі, а не збягаць у чужую. Чалавеку лепш трымацца таго месца, дзе ён нарадзіўся.

— А што мяне тут чакае? — пачуў у адказ. — Ну, скончу педінстытут завочна, ну, уладкуюся ў школу, як маці. Ну і што? Вось я настаўніца, спальваю нервы на ўроках. Вось я замужам, нарадзіла дзіця. А вось муж пачынае выпіваць, а я хадзіць на працу ў сукенках з плямамі ад супу, потым таўсцею, выходжу на пенсію і… калі-небудзь ціха зажмурваюся. Так жыць я не хачу.

— Ты ўсё-такі падумай, — прапанаваў ён больш па інерцыі. — Не раз, як кажуць, парайся з падушкай.

Вядома, скончылася тым, што стрыечніца аднойчы з’ехала.

* * *

Лежачы без сну ў вагоне, Зміцер Дашкевіч раптам падумаў: ці часам не зайздросціць ён цяпер стрыечніцы Ані? Ён бы таксама мог жыць дзе-небудзь у вялікім горадзе, узбіцца на грошы, ездзіць на іншамарцы, наведваць казіно, мяняць палюбоўніц. Але дзеля гэтага, як разумеў, трэба было пераступіць нешта занадта чалавечае, што яшчэ заставалася ў глыбіні душы. Дый ці тое галоўнае? Урэшце, які ў яго талент. Ніякага. Тут сястра, пэўна, мела рацыю. Пад аднастайнае перастукванне колаў Зміцер урэшце заснуў.

Нумар у гасцініцы аказаўся не больш як дзесяць квадратных метраў. Стаялі вешалка, ложак і тумбачка, як у бальнічным пакоі. Туалет знаходзіўся ў канцы калідора. Сцены кабіны ў ім былі спісаныя непрыстойнасцямі. З акна пакоя была бачная сцяна дома насупраць.

— Вечарам я вызвалюся, — сказала стрыечніца, — і мы пасядзім у кафэ, пагаворым аб усім больш падрабязна. Ты ж ненадоўга?