Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Альбер Камю

Так праходзiў Ёнаў час. Ён маляваў сярод сваiх сяброў i вучняў, якiя сядзелi вакол мальберта ўжо ў некалькi радоў. Часам да iх далучалiся i суседзi, якiя выглядвалi з сваiх вокнаў. Ёна размаўляў, абменьваўся думкамi, разглядаў прынесеныя яму палотны, мiмаходзь усмiхаўся Луiзе, супакойваў дзяцей i з iмпэтам адказваў на тэлефонныя званкi, нi на хвiлiну не пакiдаючы пэндзляў, якiмi час ад часу наносiў чарговы мазок на распачатую карцiну. З аднаго боку, жыццё ў яго было поўнае, кожная гадзiна занятая, i ён шанаваў свой лёс, якi аберагаў яго ад самоты. Але з другога боку, каб скончыць карцiну, мазкоў трэба было зрабiць шмат, i часам Ёну думалася, што i ў самоце таксама ёсць нешта добрае, бо ўрэшце яе можна перамагчы настойлiваю i карпатлiваю працай. Мiж тым, чым цiкавей было Ёну з сябрамi, тым марудней яму працавалася. Нават у тыя рэдкiя гадзiны, калi ён заставаўся зусiм адзiн, ён адчуваў сябе такiм стомленым, што ўжо не мог працаваць з падвойнаю сiлай. У такiя гадзiны ён мог толькi аддавацца марам пра новы лад жыцця, якi спалучаў бы ўцехi сяброўства з выгодамi самоты.

Ёна адкрыў свае думкi Луiзе, але i ў яе былi свае клопаты - двое старэйшыя хутка раслi, i дзiцячы пакой iм рабiўся ўжо цесны. Яна прапанавала перавесцi дзяцей у вялiкую залу, а iх ложкi адсланiць шырмай. Малодшага тады можна будзе размясцiць у маленькiм пакоi. Тэлефон там будзiць яго не будзе, дый месца малы нiякага не зойме, так што Ёна можа зрабiць сабе ў гэтым пакоi майстэрню. А зала ўдзень будзе служыць пад прыёмы гасцей. Ёна зможа выходзiць да iх на час, а пасля вяртацца да працы. I нараканняў гэта сустрэць не павiнна - сябры ж разумеюць, як патрэбна яму адзiнота. Апроч таго, неабходнасць трошкi раней класцi старэйшых дзяцей спаць пакароцiць вячэрнiя вiзiты. "Выдатна", - пасля некаторага разважання ўхвалiў Ёна. "I ўрэшце, - сказала Луiза, - калi твае сябры будуць адыходзiць раней, у нас будзе трошкi больш часу, каб пабыць сам-насам". Ёна раптам зiрнуў на жонку. Цень смутку прамiльгнуў па Луiзiным твары. Усхваляваны, ён прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў i пяшчотна сцiснуў у абдымках. Луiза прытулiлася да мужа, i яны зноў адчулi сябе такiмi ж шчаслiвымi, якiмi былi на пачатку свайго сямейнага жыцця. Але Луiза схамянулася: мабыць, гэты пакой будзе Ёну занадта маленькi? Яна схапiла складаны метр, i неўзабаве яны выявiлi, што з прычыны вечнага нагрувашчвання Ёнавых карцiн i вучнёўскiх палотнаў (якiх, дарэчы, заўсёды было намнога больш) прастора, на якой яму звычайна даводзiлася працаваць, не намнога перавышала тую, што адводзiлася яму цяпер. Ёна без адкладу ўзяўся за перасяленне.