Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Альбер Камю

Зрэшты, абрадзiўшыся, Луiза ўвесь свой клопат аддавала ўжо толькi свайму, а пасля - сваiм дзецям. Яна часам яшчэ старалася дапамагаць i мужу, але часу ёй бракавала ўсё больш. I хоць яна шкадавала, што не можа дагледзець Ёну, як раней, рашучы характар не дазваляў ёй занадта зважаць на гэту прыкрую акалiчнасць. "Тым горай, - казала яна, - кожнаму свой варштат". Гэты выраз зачароўваў Ёну, бо, як i ўсе сучасныя яму мастакi, ён таксама хацеў лiчыцца за рамеснiка. Дык вось, рамеснiк аказаўся крыху занядбаны i вымушаны быў сам купляць сабе чаравiкi. Рэч гэта звычайная, але i ў ёй Ёна iмкнуўся бачыць толькi прыемны бок. Вядома, каб хадзiць па крамах, яму трэба было рабiць пэўнае намаганне, але аддзякай гэтаму была адна з тых гадзiн адзiноты, якая дазваляе па-сапраўднаму ацанiць сямейнае шчасце.

Аднак найбольш вострай з усiх праблем маладой пары была праблема жыццёвай прасторы, бо прастора, як i час, звужалiся вакол iх з аднолькавай хуткасцю. Нараджэнне дзяцей, новы занятак Ёны, цеснае памяшканне i сцiплы заробак, якi не дазваляў наняць большай кватэры, пакiдалi вельмi абмежаваную плошчу пад дзейнасць Луiзы i Ёны. Iх кватэра была на другiм паверсе колiшняга асабняка ХVIII стагоддзя, у старым квартале сталiцы. У гэтым раёне жыло шмат мастакоў, верных таму прынцыпу, што ў мастацтве пошук новага павiнен праходзiць у межах старажытных традыцый. Ёну, якi падзяляў гэтае перакананне, жыць у такiм квартале вельмi падабалася.

Да старажытнасцi ва ўсякiм выпадку яго кватэра мела сама непасрэднае дачыненне. Праўда, некаторыя занадта сучасныя перабудовы надалi ёй даволi арыгiнальны выгляд, якi заключаўся ў тым, што кватэра давала сваiм гаспадарам вялiкi аб'ём паветра, займаючы адначасова маленькую плошчу. Пакоi з надзвычай высокiмi столямi i раскошнымi рамамi вокнаў, несумненна, некалi прызначалiся, мяркуючы па iх велiчных памерах, пад урачыстыя прыёмы i святочныя балi. Але гарадская цесната i прыбытковасць нерухомай маёмасцi прымусiлi новых домаўладальнiкаў падзялiць гэтыя занадта шырокiя пакоi перагародкамi i такiм чынам павялiчыць колькасць стайняў, якiя яны за вельмi кругленькую цану аддавалi ў наймы статку сваiх кватэранаймальнiкаў. I тут яны не забывалiся падкрэслiць тое, што па-iхняму называлася "значная кубатура паветра". Гэтую перавагу адмаўляць было нельга. Проста яе трэба было тлумачыць тым, што домаўладальнiкi сутыкнулiся з немагчымасцю перагарадзiць пакоi яшчэ i ўвышыню. Каб такое было магчыма, яны б без ваганняў пайшлi на ўсе неабходныя ахвяры, каб даць некалькi дадатковых прытулкаў вельмi ахвочаму на шлюб i плоднаму ў той час маладому пакаленню. Кубатура паветра давала, зрэшты, не толькi перавагi. Яна мела ў сабе i тую загану, што ўзiмку нагрэць пакоi было цяжка, а гэта, на няшчасце, вымагала ад уладальнiкаў павелiчэння платы за апал. Улетку ж, праз вялiзныя памеры вокнаў, кватэра лiтаральна нясiлела ад спякотнага сонца: жалюзi не было. Уладальнiкi не парупiлiся iх усталяваць, збянтэжаныя, вiдаць, вышынёй вокнаў i коштам сталярных работ. Зрэшты, тую ж ролю маглi выконваць i тоўстыя шторы, кошт якiх нiякiм чынам не ўплываў на прыбытковасць, бо набываць i падвешваць iх мусiлi самi кватаранты. Трэба, аднак, зазначыць, што домаўладальнiкi не адмаўлялiся дапамагаць iм у гэтым i прадавалi па нечуваных цэнах шторы з уласных крам. Чалавекалюбства, якое яны выяўлялi праз такое сваё стаўленне да нерухомай маёмасцi, было iх сапраўднаю слабай стрункай. У будзённым жыццi гэтыя сучасныя князькi гандлявалi паркалём i аксамiтам.