Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Альбер Камю

Калi ж Луiза зразумела, што Ёна цiкавiцца толькi жывапiсам, яна адразу пакiнула лiтаратуру i захапiлася выяўленчым мастацтвам. Яна пачала бегаць па музеях i выставах i паўсюль цягала за сабой Ёну, якi кепска разумеў тое, што малявалi яго сучаснiкi, i адчуваў некаторую сарамлiвасць за прастату сваiх мастацкiх прыёмаў. Аднак яму падабалася атрымлiваць такую багатую iнфармацыю пра ўсё, што тычылася яго рамяства. Праўда, ужо назаўтра ён забываў нават iмя мастака, творы якога бачыў напярэдаднi. Але Луiза мела рацыю, калi безапеляцыйна нагадвала яму адну з тых iсцiн, якiя засвоiла падчас свайго захаплення лiтаратурай: у сапраўднасцi мы нiколi нi пра што не забываемся. Зорка яўна спрыяла Ёну, якi мог такiм чынам спалучаць у сабе без лiхога намеру вартасцi добрай памяцi з выгодамi няпамятлiвасцi.

Але найбольш яркiм агнём перлы Луiзiнай адданасцi зiхацелi ў будзённым жыццi Ёны. Гэты добры анёл пазбаўляў яго ад неабходнасцi самому купляць сабе абутак, вопратку, бялiзну - ад усяго таго, што кожнаму нармальнаму чалавеку пакарочвае днi i без таго нядоўгага жыцця. Яна самаахвярна прымала на сябе цяжар тысячы ўсялякiх хiтрасцяў, якiя ўтварае машына для марнавання часу пачынаючы з незразумелых квiткоў службы сацыяльнага страхавання i канчаючы вечна новымi пастановамi падатковай сiстэмы. "Безумоўна, - казаў Рато, - усё гэта добра. Але ж не можа яна пайсцi замест цябе да дантыста". Яна i не хадзiла, але тэлефанавала i дамаўлялася аб прыёме ў найбольш зручны час; яна займалася запраўкай Ёнавай малалiтражкi, здымала месцы ў гатэлях падчас адпачынку, дамаўлялася наконт вугалю, каб Ёну было чым палiць у сваiм хатнiм камiнку, сама купляла падарункi, якiя ён хацеў паднесцi, выбiрала i пасылала замест яго кветкi, а часам, калi яго не было дома, паспявала забегчы да яго на кватэру i заслаць ложак, каб перад сном Ёну не было пра што клапацiцца.

З такiм жа iмпэтам яна заняла ў гэтым ложку сваё месца, потым уладкавала ўсе фармальнасцi з мэрыяй, завяла туды Ёну (гэта здарылася за два гады да таго, як быў прызнаны яго талент) i наладзiла вясельнае падарожжа такiм чынам, каб можна было наведаць усе вартыя таго музеi. Мiж iншым яна загадзя паклапацiлася знайсцi - у самы разгар жыллёвага крызiсу - трохпакаёвую кватэру, у якой па прыездзе яны i асталявалiся. Потым, амаль адно за адным, яна нарадзiла двое дзяцей, хлопчыка i дзяўчынку, што было згодна з яе планам, якi прадугледжваў i трэцяе i быў неўзабаве выкананы - пасля таго, як Ёна пакiнуў выдавецтва, каб цалкам прысвяцiць сябе жывапiсу.