Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

Альбер Камю

Назаўтра, з самага ранку, ён узлез на антрэсолi, сеў, паставiў перад сабой на зэдлiку падрамнiк, абапершы яго аб сцяну, i, не запальваючы газнiцы, пачаў чакаць. Выразна да яго даходзiлi толькi гукi з кухнi ды прыбiральнi. Усё астатняе - галасы гасцей, дзвярныя i тэлефонныя званкi, шарканне ног, размовы - здавалася вельмi далёкiм i глухiм, нiбы адбывалася недзе на вулiцы цi ў суседнiм двары. I ў той час, калi ўся кватэра патанала ў бязлiтасным яркiм святле, тут панаваў заспакойвальны цень. Час ад часу пад антрэсолямi ўзнiкаў якi-небудзь Ёнаў сябар. "Ты што там, Ёна?" - пытаўся ён. "Працую". - "Без святла?" - "Так, пакуль што без". Ёна не маляваў, ён разважаў. Седзячы ў змроку i амаль што ў поўнай цiшы, якая параўнаннi з ранейшым вэрхалам здавалася спакоем магiлы цi пустэльнi, ён прыслухоўваўся да свайго сэрца. Гукi, якiя даходзiлi да памоста, цяпер ужо быццам не тычылiся яго, нават калi да яго нехта звяртаўся. Так бывае, калi самотнiк, заснуўшы ў сваiм сiратлiвым ложку, памiрае сярод ночы, а ўранку ў пустым доме пачынае назойлiва званiць тэлефон, дарэмна раздзiраючы паветра над глухiм нерухомым целам. Але Ёна жыў, ён слухаў цiшыню, што панавала ў iм, i чакаў. Ёна чакаў сваю шчаслiвую зорку, якая, яшчэ недзе схаваная, была ўжо гатовая ўзысцi зноў, узнiкнуць раптам ва ўсiм сваiм непарушным харастве i зазiхацець над марнасцю пражытых дзён. "Свяцi, свяцi, - казаў ён, - не пазбаўляй мяне свайго святла". Яна заззяе зноў, ён быў упэўнены ў гэтым. Але раней - трэба было яшчэ доўга i шмат разважаць: на шчасце, цяпер ён мог быць адзiн, не адасабляючыся ад блiзкiх. Яму трэба было нарэшце ўразумець тое, чаго ён ясна яшчэ не ўсведамляў, хоць заўжды адчуваў i заўжды маляваў так, нiбы яно было яму добра вядома. Ён павiнен быў нарэшце авалодаць гэтаю таямнiцай, бо яна, Ёна ведаў гэта, тычылася не толькi мастацтва. I таму ён не запальваў газнiцы.