Читать «Грахi маленства (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Болеслав Прус

Сябры крычалi тады: "Зiрнiце, як горб трасецца!.." i дакучалi яму яшчэ горш.

Я спачатку не звяртаў на гарбатага ўвагi, бо ён здаваўся мне размазнёй. Але аднойчы той наш здаравяк, што ўжо галiўся, сеў перад Юзем i пачаў даваць яму пстрычкi то ў адно, то ў другое вуха. Гарбун плакаў наўзрыд, а клас ажно тросся ад рогату. Тады мяне штосьцi кальнула ў сэрца. Я выхапiў свой нож-складанчык, пырнуў таго дубiну ў руку, да самай касцi, i закрычаў, што я зраблю так кожнаму, хто Юзя зачэпiць!..

У здаравiлы пайшла кроў, ён збялеў як сцяна, i здавалася, што самлее. Увесь клас раптам перастаў рагатаць, а потым пачуўся крык: "Так яму, няхай не лезе да калекi!.." Тут увайшоў настаўнiк, пачуў, што я паранiў сябра нажом, i ўжо хацеў паклiкаць iнспектара i дзядзьку з розгамi, аднак сябры пачалi прасiць за мяне, нават i сам паранены здаравiла. Дык мы пацалавалiся, спачатку я са здаравiлам, пасля ён з Юзем, тады Юзя са мной, - гэтым i абышлося.

На працягу ўсяго ўрока гарбунок усё паварочваўся да мяне i ўсмiхаўся, вiдаць, таму, што за ўвесь гэты час нiхто не даў яму лузгана. У перапынку таксама нiхто яму не дакучаў, а некаторыя сказалi, што будуць Юзя абараняць. Ён iм дзякаваў, але падбег да мяне i хацеў мне даць булку з маслам. Я не ўзяў, ён засаромеўся, а потым цiха сказаў:

- Ведаеш, Ляснеўскi, што, - скажу я табе адзiн сакрэт.

- Гавары, - сказаў я, - толькi хутка.

- У цябе ўжо ёсць друг?

- А навошта ён мне?

- Бачыш, калi б ты захацеў, дык я мог бы стаць тваiм другам.

Я паглядзеў на яго зверху. Ён яшчэ больш разгубiўся i зноў спытаўся тонкiм, прыглушаным галаском:

- Чаму ты не хочаш, каб я быў тваiм другам?

- А навошта мне такi салапяка, як ты!..

Носiк яго пасiнеў больш, чым заўсёды. Юзя хацеў ужо адысцiся, але звярнуўся да мяне яшчэ раз:

- Дык, можа, хочаш, каб я з табою сядзеў?.. Бачыш, я слухаю, калi новае задаюць, я мог бы рабiць за цябе прыклады... Я ўмею добра падказваць...

Гэтая аргументацыя здалася мне сур'ёзнай. Падумаўшы трохi, я прыняў гарбунка за сваю парту, а мой сусед згадзiўся, за пяць булак, уступiць яму сваё месца.

Пасля абеду Юзя перабраўся да мяне. Гэта быў мой найшчырэйшы памочнiк, сябар i паклоннiк. Ён вышукваў словы i рабiў пераклады, запiсваў, што задаецца, насiў чарнiлiцу, пёры i алоўкi для нас абодвух. А як ён падказваў!.. За час вучобы ў школе многiя мне падказвалi, некаторых нават ставiлi за гэта на каленi, аднак кожнаму з iх было вельмi далёка да Юзя. У падказваннi гарбунок быў мастаком, умеў гаварыць са сцiснутымi зубамi ды з такiм жа пры гэтым нявiнным выразам твару, што нiводзiн з настаўнiкаў нават i не падазраваў...

Кожны раз, калi я трапляў у карцэр, гарбунок крадком прыносiў мне хлеб i мяса са свайго абеду. Калi ж са мной здаралася нейкая большая непрыемнасць, ён са слязамi на вачах запэўняў сяброў у тым, што я ў крыўду не дамся.

- Ого! - гаварыў ён. - Казя дужы. Ён як схопiць таго дзядзьку за плечы, як гваздане яго аб зямлю, ого! Не бойцеся!..

I сапраўды, сябры мае не баялiся, толькi ён, бедалага, баяўся за нас абодвух.