Читать «Грахi маленства (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Болеслав Прус

На вялiкiм перапынку я не пайшоў дахаты абедаць, а пабег да Юзя.

Яны з бацькам жылi на ўскраiне горада ў двух пакоiках аднапавярховага дома. Увайшоўшы, я застаў гарбунка на кароткiм ложку. Юзя быў адзiн, зусiм адзiн. Цяжка дыхаў i дрыжаў ад холаду, бо печ не напалена. Зрэнкi яго так расшырылiся, што вочы былi амаль чорныя. У пакоi - сыравата, са столi ападалi кроплi з адлiжнага снегу.

Схiлiўшыся над ложкам, я спытаўся:

- Што з табой, Юзя?

Ён ажывiўся, раскрыў рот, нiбы ва ўсмешцы, аднак - толькi застагнаў. Узяў мяне за руку высахлымi ручанятамi i пачаў гаварыць:

- Я, вiдаць, памру... Але баюся так вось... адзiн... I таму я папрасiў, каб ты прыйшоў... Гэта... ведаеш... нядоўга, а мне будзе трохi весялей...

Яшчэ нiколi я не бачыў Юзя такiм, як сёння. Здавалася, што з калекi вырастае волат.

Ён пачаў глуха енчыць i кашляць, ажно на вуснах выступiла ружовая пена. Потым заплюшчыў вочы i цяжка дыхаў, а часам i не дыхаў зусiм. Калi б я не адчуваў поцiску яго гарачых ручанят, дык i падумаў бы, што ён памёр.

Так мы сядзелi гадзiну, дзве, тры - моўчкi. Я амаль страцiў уладу над сваiмi думкамi. Юзя адказваў рэдка i з вялiкiм намаганнем. Ён сказаў, што на яго наехаў ззаду нейкi воз, што вельмi забалела ў паяснiцы, але цяпер ужо не балiць, што бацька ўчора прагнаў служанку, а сёння пайшоў шукаць iншую...

Пасля, не адпускаючы маёй рукi, ён папрасiў, каб я памалiўся. Калi ж я зрабiў гэта i пачаў песню-малiтву "Як толькi ўстане ранiшняя зара", Юзя перапынiў мяне:

- Не гэтую... Лепш "Усе нашы дзённыя справы"... Бо я ўжо заўтра, вiдаць, не прачнуся...

Сонца зайшло, насунулася нейкая шэрая ноч, бо за хмарамi свяцiў месяц. У кватэры не было свечкi, зрэшты, я i не думаў запальваць яе. Юзя быў усё больш ды больш неспакойны, трызнiў i толькi час ад часу прытомнеў.

Позна было ўжо, калi ад вулiцы моцна грукнула брамка. Нехта прайшоў па двары i, свiшчучы, адчынiў дзверы нашага пакоя.

- Гэта татка? - спытаўся гарбунок.

- Я, сынок! - адказаў той нехта ахрыплым голасам. - Як маешся? Напэўна ж лепей!.. Так i павiнна быць!.. Не апускай вушэй, сынок!..

- Татка... цёмна ў нас... - сказаў Юзя.

- Лухта гэта!.. А тут хто? - спытаўся ён, наткнуўшыся на мяне.

Прыйшлося аказацца:

- Гэта я...

- Ага, Лукашыха? Добра!.. Пераначуй сёння ў нас, а заўтра я табе пакажу... Я губернатар!.. Ром-ямайка!..

- Добрай ночы, татка!.. Добрай ночы!.. - шаптаў Юзя.

- Добрай ночы, дзiця маё, добрай ночы!.. - сказаў той i, схiлiўшыся над ложкам, пацалаваў... мяне ў галаву.

Я адчуў, што пад пахай у яго была бутэлька.

- Выспiся, - сказаў ён, - а заўтра марш у школу!.. Раз-два, раз-два марш!.. Ром-ямайка!.. - гаркнуў i падаўся ў суседнi пакойчык.

Там цяжка сеў, вiдаць, на куфры, грукнуўся галавой аб сцяну, а праз момант пачулася раўнамернае булькатанне, як быццам хтосьцi пiў.

- Казя, - шапнуў гарбунок, - калi я ўжо буду там... прыйдзi хоць раз да мяне. Скажаш, што нам задалi...

У другiм пакоi пачуўся крык:

- За здароўе пана губернатара!.. Вiват!.. Я губернатар!.. Ром-ямайка!..