Читать «Грахi маленства (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

Болеслав Прус

- Ну, хадзем...

- Але ж баюся...

Я зноў наблiзiўся, а ён - адступiўся. Гэтае ваганне ды адступанне раздражнiла мяне. Там Лёня ягад чакае, а ён таргуецца са мной?.. Няма ў мяне часу на гэта.

Я хутка пайшоў у бок маёнтка. Засталася ўжо, мусiць, палавiна дарогi дахаты, калi я азiрнуўся i ўбачыў Валека на ўзгорку каля лесу. Ён стаяў са сваiм кiем у руцэ i глядзеў на мяне. Кашуля яго развявалася на ветры, а падзёрты капялюш блiшчаў ад нiзкага сонца, нiбы агнiсты вянок.

Штосьцi кранула мяне. Я прыгадаў, як парабкi падгаворвалi яго, каб узяў кiй ды iшоў у свет. Няўжо ж ён так i зрабiў?.. Не, не такi ўжо ён дурань. Зрэшты, няма мне калi вяртацца да яго, бо чарнiцы падушацца, а там Лёня чакае...

Лётам прыбег я дахаты, каб перасыпаць ягады ў кошычак. На парозе Зося павiтала мяне - горкiм плачам...

- Што з табой?..

- Бяда, - шапнула сястра. - Усё выйшла наверх... Панi звольнiла тату...

- Зося, што ты гаворыш?.. Што з табой?..

- Праўду я гавару. Татка ўжо звольнены. Лёня па сакрэту сказала гувернантцы пра тую асу, а гувернантка - сказала панi... Калi тата прыйшоў у палац, панi загадала, каб ён неадкладна завёз цябе ў Седльцы. Але татка сказаў, што мы паедзем усе разам...

Зося страшэнна расплакалася.

У гэты момант я заўважыў бацьку на двары. Пабег насустрач яму i задыхана кiнуўся да ног.

- Татка, родненькi мой, што ж я нарабiў! - шаптаў я, абнiмаючы яго за каленi.

Бацька падняў мяне, пакiваў галавой:

- Дурны ты. Iдзi дахаты.

А потым сказаў, як быццам сам сабе:

- Тут iншы майстар ёсць, якi нас адгэтуль выганяе, думаючы, што стары ўпаўнаважаны не дазволiў бы яму прайграць маёнтак сiраты. I мае рацыю!

Я здагадаўся, што ён гаворыць пра жанiха нашай панi. На сэрцы ў мяне палягчэла. Пацалаваў бацькаву шорсткую руку i сказаў трохi смялей:

- Бачыце, татка, мы ў ажынах былi... Лёню ўкусiла аса...

- Сам ты дурны, як аса. Не братайся з панянятамi, дык i не будзеш паляваць на восаў i не сапсуеш портак у сажалцы. Iдзi дахаты i не вылазь мне за парог, пакуль усе адгэтуль не выедуць.

- Яны выязджаюць? - ледзь прашаптаў я.

- Едуць днямi ў Варшаву, а вернуцца, калi нас тут ужо не будзе.

Вечар прайшоў сумна. На вячэру былi выдатныя клёцкi з малаком, але нiхто з нас не еў iх. Зося выцiрала чырвоныя вочы, а я строiў адчайныя планы.

Перад сном я цiха зайшоў у сястрын пакой.

- Зося, - сказаў рашуча, - я... павiнен ажанiцца з Лёняй!..

Яна зiрнула на мяне спалохана.

- Калi? - спыталася.

- Усё роўна.

- Але ж цяпер ксёндз-пробашч не павянчае вас, а потым яна будзе ў Варшаве, а ты ў Седльцах... Зрэшты, што тут сказаў бы татка, панi?..

- Бачу, што ты не хочаш мне дапамагчы, - адказаў я i, не пацалаваўшы яе на развiтанне, пайшоў.

З таго моманту я ўжо нiчога не памятаю. Мiналi днi i ночы, а я ўсё ляжаў у ложку, каля якога сядзелi або мая сястра, або Вайцехова, або фельчар. Не ведаю, цi гэта пры мне гаварылi, цi толькi мроiлася так, што Лёня паехала ўжо i што Валек недзе прапаў. Раз нават здалося, што бачу я над сабой заплаканы твар пасуднiцы, якая, плачучы, пытаецца:

- Панiч, а дзе вы бачылi Валека?..