Читать «Грахi маленства (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Болеслав Прус

Калi я ступiў некалькi крокаў у той бок, чупрына i капялюш узнялiся над лопухам i паказаўся сямi-васьмiгадовы хлапчук у доўгай бруднай кашулi, на шыi сцягнутай шнурком. Я загаварыў з iм, але хлапчук усхапiўся i ўцёк, з заечай хуткасцю, у поле. Чырвоны каўнер майго мундзiра i пасрабраныя гузiкi наогул рабiлi вялiкае ўражанне на вясковых дзяцей.

Я памалу падаўся да сядзiбы, а хлопец - адпаведна да паркана. Калi я схаваўся за будынкам, ён узлез на сметнiк i ўтаропiўся ў тую самую шчылiну, праз якую i я глядзеў у сад. Не думаю, што ён там нешта бачыў, аднак усё цiкаваў.

На другi дзень, калi я прыйшоў на свой пост, каб назiраць за гульнёю паненак, зноў заўважыў у лапухах шэры капялюш, над iм бялявую чупрыну, а пад абарваным полем - вочы, што ўтаропiлiся ў мяне. Сонца здорава прыпякала, хлопец сарваў цiшком вялiкi лiст лопуху, накрыўшыся iм, як парасонам. Тады ўжо я не бачыў больш нi яго капелюша, нi валасоў, толькi шэрую кашулю, крыху расхрыстаную на грудзях.

Калi я пайшоў, хлопец зноў узбег на сметнiк i зноў, як учора, пачаў цiкаваць цераз шчылiну, вiдаць, думаючы, што я хоць на гэты раз не выглядзеў з парку ўсяго цiкавага, што там было.

I тут я зразумеў, наколькi смешныя мае паводзiны. Здорава выглядала б гэта, калi б мой бацька цi пан вiнакур, а то i сама Лёня ўбачыла, што я, вучань другога класа, у мундзiры, стаю каля паркана на сметнiку, на змену з нейкiм кандыдатам на пастуха, якi невядома цi надзяваў калi-небудзь вымытую кашулю.

Сорамна стала. Няўжо ж я не маю права яўна заходзiць у сад, не туляючыся па закутках, як гэты, у парваным капелюшы?..

Сметнiк i шчылiна ў паркане абрыдзелi мне, але адначасна стала цiкава: хто ж ён, гэты хлапчук? Яго аднагодкi пасуць ужо гусей, а ён марнуе найпрыгажэйшую маладосць, ацiраючыся па задворках, вывiжоўвае чужыя справы, а калi ў яго пытаюцца, дык не адказвае як след прыстойна, а ўцякае ад чужака, як трусiк.

"Пачакай ты, - падумаў я, - мяне ты тут болей не ўбачыш, а вось цябе я выследжу, што ты за перац".

Я памятаў, што ў раманах, побач з героямi i гераiнямi, бываюць такiя загадкавыя незнаёмыя, якiх трэба асцерагацца i своечасова высякаць пад корань iх iнтрыгi.

Днi за два, нiкога не пытаючыся, я ўжо ведаў усё пра таямнiчага чужака. Гэта не быў iнтрыган. Гэта быў Валек, сын дваровай пасуднiцы, якога ўсе ведалi, але нiхто iм не займаўся. Таму ў хлопца i было шмат свабоднага часу, якiм ён, пра што ведаў i я, карыстаўся не вельмi прыемным для iншых чынам.

У Валека нiколi не было бацькi, за што ўсе дакучалi яго мацi, жанчыне трошкi загарачай. На кепiкi дваровых пасуднiца адказвала крыкам i лаянкай, а таму што гэтага ёй, вiдаць, не хапала - рэшту злосцi зганяла на Валеку.

Хлопец яшчэ поўзаў на чатырох, у кашульцы, вузлам завязанай на спiне (эфект такi, як быццам яе i зусiм не было), а яго ўжо называлi знайдышам.

- Ты яго, можа, знайшоў? - пыталася тады мацi, i пачынаўся крык: - А каб вас бог пакараў, каб вас!.. А каб вам рукi i ногi!.. А каб ты згiнуў, шалудзька!..