Читать «Грахi маленства (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Болеслав Прус

Бацька неспадзявана адказаў нязлосна, з прыкметнай горыччу:

- Ёй ужо не патрэбен стары ўпаўнаважаны. Неўзабаве тут будзе новы пан, а ён i сам справiцца...

Ён раптам змоўк i, адвярнуўшыся, мармытнуў праз зубы:

- Праiграць у карты маёнтак...

Я пачаў здагадвацца, што, пакуль мяне не было, тут адбылiся вялiкiя змены. Само сабой, павiтацца з памешчыцай я пайшоў. Прыняла яна мяне ласкава, а я заўважыў, што яе сумныя вочы сёння глядзяць зусiм весела.

Вяртаючыся з палаца, я сустрэў на двары бацьку i сказаў яму, што панi графiня такая вясёлая, як нiколi раней. Круцiцца, пляскае ў ладкi, зусiм як яе пакаёўкi.

- Хэ! Кожная баба перад вяселлем у добрым гуморы, - сказаў бацька, нiбыта сам сабе.

А тут да палаца пад'ехала лёгкая брычка, з яе саскочыў высокi мужчына з чорнай барадой i агнiстымi вачыма. Панi графiня, здаецца, выбегла на ганак, бо я заўважыў, што яна праз дзверы працягнула да барадача абедзве рукi.

Бацька iшоў перада мною, цiха смяяўся i мармытаў:

- Во, во!.. Усе бабы павар'яцелi!.. Панi ўздыхае па элеганце, а гувернантка па пiсары... Для Салюсi застаўся я або ксёндз-пробашч... Во, во!..

Мне iшоў дванаццаты год, i я ўжо многа чуў пра каханне. Той сябар, што галiў вусы i тры гады сядзеў у першым класе, часта гаварыў нам пра свае пачуццi да адной паненкi, якую ён разы два на дзень сустракаў на вулiцы або бачыў праз фортачку. Зрэшты, я i сам чытаў некалькi цудоўных раманаў i добра памятаю, колькi пакут каштавалi мне iх героi.

Па гэтай прычыне бацькава недагаворванне зрабiла на мяне прыкрае ўражанне. Я адчуў сiмпатыю да нашай панi, нават да гувернанткi, а да барадача i пiсара амаль варожасць. Нiколi б я гэтага ўголас не сказаў (нават выразна падумаць не смеў бы), аднак мне здавалася, што i наша панi, i гувернантка зрабiлi б куды больш адпаведна, калi б уздыхалi па мне.

За некалькi наступных дзён я абабег вёску, парк, канюшнi, ездзiў конна, плаваў у чоўне, але ж неўзабаве пачаў адчуваць, што мне сумна. Праўда, бацька ўсё часцей гутарыў са мной, як з дарослым чалавекам, пан вiнакур запрашаў мяне на старку, а пiсар навязваўся з сяброўствам, нават абяцаў расказаць пра пакуты з-за гувернанткi, аднак гэта мяне не цiкавiла. I старку пана вiнакура, i сакрэты пiсара я аддаў бы за аднаго добрага сябра. Але, перабiраючы ў думках тых, з кiм я закончыў першы клас, прыходзiў да пераканання, што нiводзiн з iх не падышоў бы да майго цяперашняга настрою.

Часамi з глыбiняў мае душы выплываў сумны цень нябожчыка Юзя i расказваў мне рэчы невядомыя, i голас яго быў цiшэйшы за подыхi летняга ветру. Тады мяне ахутвала расчуленасць i я тужыў, сам не ведаючы па чым... Калi я аднойчы, пад уплывам такiх адчуванняў, валачыўся па зарослых травой паркавых сцежках, дарогу мне перабегла сястра Зося i спыталася:

- Чаму ты з намi не гуляеш?

Мне зрабiлася горача:

- З кiм?

- Са мной i з Лёняй?

Застанецца вечнай загадкай, чаму ў той момант iмя Лёнi спалучылася ў мяне з прывiдам Юзя i чаму я зачырванеўся так, што твар ажно пякло i на лбе выступiў пот.

- Ты што? Не хочаш з намi гуляць? - здзiўлена пыталася сястра. - На вялiкдзень быў тут адзiн вучань трэцяга класа i зусiм не задаваўся, як ты. Цэлымi днямi з намi хадзiў.