Читать «Адплата каханьня» онлайн - страница 2
Янка Купала
Ой, трудна пазнаці, ой, трудна збадаці.
Здаецца, штось бачыш, ды рэшты не знаці!
Бо ночка каханьню спрыяе заўсёды,
Збаўляе каханкаў ад кепскай прыгоды.
А шчыра ж, а міла і Зося, і Янка, —
Янук, сын мужыцкі, а Зоф'я, шляхцянка, —
Што ночку без сьведак адны караталі,
Аб шчасьці каханьня салодка шапталі.
А часам і смутныя думкі зазвоняць
Да сэрц закаханых, — яны іх разгоняць,
Абняўшыся шчыра, сваім цалаваньнем.
Эх, добра хоць трохі пажыці каханьнем!
Так смутна, так горка таму жыць на сьвеце,
Каму лёс каханьня ў душы не расквеце,
Хто братняй душы у жыцьці не спаткае,
Зь якой бы і любасьць сплывала сьвятая,
Зь якой бы і горам сваім падзяліўся,
I ў жалі паплакаў, к грудзям прыхіліўся.
«Эй, Зося! — так Янка гаворыць, бывала. —
За што мяне шчасьце такое спаткала?
А можа, няшчасьце, а можа, і сьлёзы?
I сам я не знаю, ці п'ян, ці цьвярозы.
Ты — панна, і любіш мужыцкага сына,
Убогага хлопца — пасажна дзяўчына;
Што людзі, што брат твой на гэта нам скажа,
Як праўду пазнае, загадку разьвяжа?
Ты ж паняй і будзеш, і выйдзеш за пана
А я буду плакаць ад рана да рана
Аж высахне сэрца, кроў ў жылах застыне,
I ўсё з таго жалю па пекнай дзяўчыне».
А Зося за шыю да сэрца прыцісьне
«Ой, Янка, ой, лгун, ты пляцеш так сумысьне
Ці ж Зосі не верыш, што шчыра так любіць,
Што Янку праз любасьць напэўна не згубіць?
Як любіць сягоньня — любіць будзе вечна.
I Янка мой добры спаць можа бясьпечна». —
Так Зося гаворыць, і Янка забыўся,
Што з паннай з багатай так шчыра зьлюбіўся, —
Цалуе, мілуе, і ночкі ім гэтак
Мінутай праходзяць; аж летнія ўсе так
К канцу ўжо збліжаліся; поле пусьцела,
I восень падходзіла сьціха, нясьмела.
I вось хоць нарэшце лёс чорны іх здрадзіў:
Падгледзеў брат Зосін іх сходкі у садзе.
Ноч цёмнай пасьцілкай зямлю абхінула,
Жыцьцё ўсё замёрла, прырода заснула.
На небе дзе-недзе забліскалі зоры,
Наехалі хмараў дажджлівыя горы,
I зоркі пагаслі, і ўсё сьпіць у згодзе,
Адзін чалавек толькі сну не знаходзе,
Не сьпіць пан Лаўчынскі, той шляхціц багаты,
Агонь яшчэ сьвеціцца з панавай хаты.
Страшэннаю помстай палае блюзьнерца,
Як ноч на Пакровы, — сам чорны і сэрца;
Не бачыць ён сьвету, ні праўды, ні Бога,
Не хоча ўжо знаці нікога, нічога,
Ўсё ходзіць па хаце, шалее са злосьці.
«Як можна? шляхцянка — род панскі, косьць з косьці, —
З мужыцкай крывёю зьмяшаціся хоча.
На сьвет паказаці не будзе як вочаў.
Той Янка, хамула, паненку абыме…
О! Сьмерць яго ўперад зь зямлі гэтай прыме!»
Так чорныя думы адна за адною
Снуюцца ў тырана, як стада зімою
Ваўкоў згаладалых, не сытых ніколі,
Шукаючы жыру, валочацца ў полі,
Валочацца, аж дзе ахвяру спаткаюць,
I выдзеруць сэрца, і вочы зглытаюць.
Эй, страшна, эй, жудка спаткацца з ваўкамі.
Страшней жа з тым зьверам, што ходзіць між намі,
Як мы, чалавекам, а сэрцам — пантэра!
О, гэткі зьвергоршы за ўсякага зьвера!
Снуецца Лаўчынскі па хаце, як мара.
Чорт цешыцца: будзе для пекла ахвяра;
Штохвіля крываўшую помсту знаходзіць,
Штохвіля чарнейшыя думкі наводзіць,
І шэпча: «Забі йдзі, як сьпіць у адрыне,
Ці ў садзе, як зловіш яго пры дзяўчыне,
Ці ў лесе, як пойдзе табе сеч бярвеньні,
Але забі толькі, не бойся сумленьня!»