Читать «На беразе (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Кузьма Черный
- Ты чаго? - запытаў ён Мiхася.
- Нiчога, - адказаў Мiхась, - на поле гэтакаю пагодаю не выедзеш, дома работы няма, пайду, думаю, сюды, панюхаю ветру.
- Панюхай, - сказаў, смеючыся, Амелька. Яму было смешна з таго, што сказаў Мiхась.
- Хочаш? - працягнуў ён сыну сала.
- Не, - адказаў той.
Амелька пачаў есцi, а Мiхась, абапёршыся на локаць, расцягнуўся па сухiм месцы каля будкi i, паплёўваючы на зямлю, стаў глядзець некуды паверх вады.
На зямлi зноў рабiлася святлей. Вецер зганяў хмары ў адно месца, на паўночную старану неба; яны, ужо лёгкiя i паслушныя, паднiмалiся высока i быстра плылi, ачышчаючы палiняўшае неба. Туман пачаў знiкаць, i на той бок рэчкi выразней стала вырысоўвацца вёска Хартонаўка. Рака плюхала так, як i раней, але вада ў ёй пачала фарбавацца ў ясныя, блiшчастыя колеры.
Мiхась маўчлiва i быстра падняўся з зямлi, не аглядаючыся вакол, падышоў к вадзе i стаў так, як i раней, глядзець паверх яе.
- Што разглядаеш? - запытаў сына Амелька.
Мiхась маўчаў.
- Аб чым думаеш? - запытаў зноў Амелька, памаўчаўшы.
- Не ведаю i сам. Нечага хочацца.
- Чаго?
- Кажу, што не ведаю.
Мiхась пакiнуў глядзець цераз рэчку i падышоў к бацьку.
- Вось так, - загаварыў ён, - часам паглядзiш на ваду, на хмары, паходзiш па полi на ветры, i захочацца нечага. Каб той, здаецца, аэраплан, дык узняўся б на доўгi час i лятаў бы, каб вецер свiстаў у вочы i вушы. Эх, няма лодкi, паплыў бы процi вады.
- Ага, узяло, - у сваю чаргу загаварыў Амелька, - i са мною гэта часта бывае. Узяў бы тады, здаецца, у кузнi молат i лупiў бы з усiх сiл па кавадле. Эх, сколькi сiлы ў нашага брата!
Амелька набраў поўныя грудзi паветра i дыхнуў.
- Вось жывём, - загаварыў ён далей, увесь ахоплены наплывам нейкiх новых думак, - зямля вялiкая, колькi на ёй усяго ёсць, а мы, апрача свае вёскi ды гэтага лесу, нiчога больш не бачым. Жывём неяк, як той поп кажа, па-божаму, на адным месцы, хоць сiлы ў нас многа.
- Знаеш, - сказаў Мiхась, - пайду я ў флот, зраблюся матросам. Запiшуся ў камсамол i пайду. Нашто, каб сiла прападала дарэмна; буду тут марнаваць сябе адно.
- Як хочаш. Не малы ўжо, - сказаў Амелька.
Амелька быў увесь, таксама як i Мiхась, ахоплен нейкаю вольнаю сiлай на зямлi было так шумна i весела.
- Пайду, - сказаў Мiхась i неяк задумёна прыбавiў: - Весела iсцi лесам. Дома там нейкi сход будзе вечарам, трэба быць.
Ён зняў з галавы шапку, паправiў валасы i пайшоў паволi, углядаючыся ў зямлю i як бы што думаючы. Шырокi i кароткi, без каўняра, кажушок на iм развяваўся на ветры.
Амельку абхапiлi думы.
"Вось астаўся адзiн на пустым беразе, - кружылася ў яго галаве, астаўся адзiн, i нiхто не бачыць i не ведае, дзе я i што раблю. Колькi людзей на свеце, i ўсякi па сабе. Схованы адзiн ад другога па вёсках, лясах. Не можа чалавек бачыць таго, што робiцца нават за дзесяць вёрст, не то што каб угледзеў ён усю зямлю сваю. Не бачыць ён яе, бачыць усяго маленькi кусочак пад нагамi сваiмi".
"Не бачыць, а знае яе, - выплыла другая думка, - ведае, дзе што на ёй. Без абмылкi патрапiць, куды хоча. А можа калi-небудзь выдумае што-небудзь такое, на чым паднiмецца так, што ўбачыць усю зямлю, як бачыць сонца. Пэўна, што некалi, можа нават скора, будзе гэта.